Бітва пры Гарні, ці Гарніская бітва (груз. გარნისის ბრძოლა) — бітва паміж войскамі Грузінскага царства і харэзмшаха Джэлал ад-Дзіна, што адбылася ў жніўні 1225 года.
Уцякач ад Чынгісхана харэзмшах Джалал ад-Дзін у пачатку 1225 года ўвайшоў у Іранскі Азербайджан. Атабек Узбек (1210—1225) не змог зрабіць яму належнага супраціву і дзяржава Ільдэгізідаў была знішчана. У Грузіі няветла паставіліся да з’яўлення харэзмійцаў, бо землі Іранскага Азербайджана лічылі зонай свайго ўплыву. Па словах Ібн аль-Асіра «Штодня ў гэтых землях мусульмане падвяргаліся зневажэнню і ганьбе. Грузіны здзяйснялі на іх набегі, нападалі на іх і забіралі ўсё, што хацелі з іх маёмасці»[3].
Пасля захопу Азербайджана (Іранскі Азербайджан), Джэлал ад-Дзін вырашыў пачаць вайну супраць Грузіі, ён «не пераставаў казаць: Я хачу здзейсніць паход у краіну курджаў».
У пачатку жніўня 1225 года Джэлал ад-Дзін з вялікім войскам уварваўся ў Арменію, блізу крэпасці Гарні яму заступіла шлях грузінскае войска пад камандаваннем Іванэ Мхаргрдзелі.
Складана вызначыць дакладны лік ваяроў, якія прымалі ўдзел у бітве. У розных крыніцах паказаны розныя, часам амаль што фантастычныя лічбы (асабліва ў грузіна-армянскіх крыніцах). Па араба-персідскіх крыніцах грузінскае войска складалася з 30[4], 60[5] или 70[6] тысяч ваяроў. З улікам розных дадзеных пра колькасць войскаў Грузіі ў розныя перыяды, а таксама цяпер існых паглядаў па пытанні пра колькасць сярэднявечных войскаў, найболей імаверным здаецца лічба 30 000. Што да колькасці войскаў Харэзмшаха, то гэта пытанне застаецца адкрытым, звесткі грузіна-армянскіх крыніц o 140—200 тысячнай арміі харэзмійцаў не вытрымліваюць крытыкі.
Грузінская армія, заняўшы выгадную пазіцыю на ўзвышшы, 2 дні ўхілялася ад бітвы на адкрытай мясцовасці (выяўна з за лікавай перавагі праціўніка), таму раніцай наступнага дня Джалал ад-Дзін пачаў штурм вышыні. Цэнтр яго арміі складала конніца, на правым флангу стаялі атрады лучнікаў а адборныя часткі («Волаты — абаронцы») былі засяроджаны на левым флангу пад камандаваннем Гіяс ад-Дзінa, брата харэзмшаха[7].
Левы фланг арміі харэзмшаха рухаўся хутчэй астатніх, чым скарысталіся грузіны, перадавы полк грузінскай арміі пад кіраўніцтвам братоў Шалвы і Іванэ Тарэлі абрынуўся на левы фланг арміі харэзмшаха і стаў цясніць яго.
Падчас атакі перадавога палка адбыліся падзеі, якія сведчаць пра поўны разлад у кіраўніцтве грузінскага войска. Для далейшага паспяховага наступу камандзіры перадавога палка прасілі дапамогі ў галоўнакамандуючага, але той з асноўным войскам стаяў на месцы. Да харэзмійцаў паступова пачалі паступаць падмацаванні, і становішча перадавога палка стала цяжкім. Па словах грузінскага летапісца «У абодвух братоў забілі коней, і ім давялося біцца пешымі». Атака падаспелай з цэнтра харэзмійскай конніцы аказалася вырашальнай і перадавы полк быў пабіты[5], толькі нешматлікія выратаваліся ўцёкамі. Шалва трапіў у палон, а Іванэ быў забіты.
Амаль што здрадлівы ўчынак галоўнакамандуючага (летапісец паясняе гэта варожасцю і зайздрасцю Іванэ Мхаргрдзелі да братоў Тарэлі), гібель перадавога палка і страта двух знакамітых камандзіраў, якія карысталіся вылучным аўтарытэтам у арміі, гэтак дэмаралізавала салдатаў асноўнага войска, што яны проста разбегліся[8].
Пра страты арміі харэзмшаха невядома. Сучаснік гэтых падзей Ан-Назаві паведамляе, што грузіны страцілі 4 тыс.чалавек (Ібн ал-Асір заве лічбу 20 тысяч, што здаецца малаімаверным).
Параза пры Гарні зрабіла вылучна негатыўны ўплыў на стан Грузінскага царства. Неўзабаве пасля Гарніскай бітвы армія Джэлал ад-Дзіна ўзяла старажытную армянскую сталіцу Двін і стала рухацца да Тбілісі, сталіцы царства. Царыца Русудан пакінула ў горадзе гарнізон пад камандаваннем братоў Мемны і Боца Джакелі, а сама разам з сям’ёй і дваром пераехала ў Кутаісі.
Пасля здрады тбіліскіх мусульман Джэлал ад-Дзін узяў горад і жорстка расправіўся не толькі з хрысціянскім, але пазней і з мусульманскім насельніцтвам. Сталіца была спалена і разбурана. Пасля паходу харэзмійцаў краіна апынулася не ў стане супрацьстаяць надыходным мангольскім войскам, што прывяло да заваявання царства манголамі ў 1235 годзе.
Вардан Аревелци. ВСЕОБЩАЯ ИСТОРИЯ. — М., 1861.
Себастаци. ЛЕТОПИСЬ.
Степанос Епископ. ЛЕТОПИСЬ.
Киракос Гандзакеци. КРАТКАЯ ИСТОРИЯ. — М., 1976.
Мхитар Айриванеци. ХРОНОГРАФИЧЕСКАЯ ИСТОРИЯ. — СПб., 1869.
Степанос Орбелян. ИСТОРИЯ СЮНИКА. — Ереван, 1986.