wd wp Пошук:

Бухгалтарскі ўлік

Бухга́лтарскі ўлік — сістэма суцэльнага і безупыннага дакументальнага адлюстравання ў грашовай форме інфармацыі пра колазварот капіталу ў працэсе гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства, установы, арганізацыі і іншых юрыдычных асоб; адзін з відаў гаспадарчага ўліку, важная функцыя ў кіраванні вытворчасцю.

Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і нацыянальнымі стандартамі рахункаводства ўсімі юрыдычнымі асобамі незалежна ад іх арганізацыйна-прававога статуса і формаў уласнасці з моманту ўтварэння і да ліквідацыі. Фізічныя асобы (прадпрымальнікі) вядуць улік і даюць фінансавую справаздачу ў адпаведнасці з патрабаваннямі падатковага заканадаўства.

Асноўныя функцыі

Бухгалтарскі ўлік выконвае 2 асноўныя функцыі — інфармацыйную (своечасовае, поўнае і аб’ектыўнае інфармаванне службы кіравання пра ход і вынікі гаспадарання) і кантрольную (кантроль за захаванасцю маёмасці прадпрыемства, рацыянальным і эфектыўным выкарыстаннем яго сродкаў, адпаведнасцю гаспадарчых аперацый заканадаўству, статуту прадпрыемства і іншым прававым дакументам).

Аб’екты бухгалтарскага ўліку

Аб’екты бухгалтарскага ўліку: сродкі прадпрыемства (актывы), крыніцы фінансавання (пасівы), гаспадарчыя аперацыі і працэсы, у выніку якіх адбываецца рух (кругаабарот) капіталу. Для адлюстравання гэтага бухгалтарскі ўлік выкарыстоўвае натуральныя (колькасныя) і грашовыя вымяральнікі; з дапамогай апошніх дасягаецца абагульняльная характарыстыка разнародных аб’ектаў у грашова-вартасным выражэнні. На кожную асобную гаспадарчую аперацыю (ці іх аднародную групу) складаецца дакумент — носьбіт інфармацыі (афіцыйны бланк пэўнай формы). Каб забяспечыць аб’ектыўнасць і дакладнасць інфармацыі, дакументацыю дапаўняюць інвентарызацыяй.

Рахункі бухгалтарскага ўліку

Дакументальна аформленыя гаспадарчыя аперацыі і вынікі інвентарызацый адлюстроўваюць на рахунках — спецыяльных двухбаковых табліцах, дзе левая частка — дэбет, правая — крэдыт. Кожную гаспадарчую аперацыю запісваюць у аднолькавай суме ў дэбет аднаго і крэдыт другога рахунка (спосаб двайнога запісу). Узаемасувязь паміж рахункамі называецца карэспандэнцыяй, для адлюстравання якой складаецца ўраўненне гаспадарчай аперацыі, ці праводка, дэе ўказваецца сума, якая адносіцца ў дэбет і крэдыт.

Рахункі бухгалтарскага ўліку бываюць актыўныя (улічваюць гаспадарчыя сродкі: па дэбеце — паступленне, ці павелічэнне, па крэдыце — іх выбыццё, ці памяншэнне; маюць толькі дэбетавае сальда), пасіўныя (улік крыніц фінансавання сродкаў: астатак і павелічэнне запісваюцца ў крэдыт, памяншэнне — у дэбет) і аперацыйныя (улічваюць асноўныя гаспадарчыя працэсы і фінансавыя вынікі). Адрозніваюць таксама рахункі сінтэтычныя (агульны ўлік гаспадарчых аб’ектаў па аднародных групах толькі ў грашовым выражэнні) і аналітычныя (дэталізуюць змест сінтэтычных рахункаў па асобных відах сродкаў і крыніц фінансавання ў вартасным і ў колькасным выражэнні). Адпаведна бываюць анапітычны улік І сттэтычны улік, на аснове звестак якіх складаюцца бухгалтарскі баланс і іншыя формы справаздачнасці.

Формы бухгалтарскага ўліку

Існуюць розныя формы бухгалтарскага ўліку: журнальна-ордэрная, мемарыяльна-ордэрная, аўтаматызаваная, спрошчаная. Выбар формы залежыць ад уэроўню яго аўтаматызацыі і цэнтралізацыі, памераў прадпрыемства і інш.

Адказнасць за арганізацыю бухгалтарскага ўліку, стварэнне ўмоў для правільнага яго вядаення, захоўвання бухгалтарскіх дакументаў, уліковых рэгістраў і справаздачнасці нясе кіраўнік прадпрыемства (установы). Узначальвае службу галоўны бухгалтар ці асоба, якая яго замяняе.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Бухгалтарскі ўлік
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара