wd wp Пошук:

Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль

Бешанковіцкі палаца-паркавы ансамбль, Палацава-паркавы ансамбль Храптовічаў — помнік архітэктуры, знаходзіцца на левым беразе Заходняй Дзвіны, у цэнтры гарадскога пасёлка Бешанковічы. Складаецца з двух палацаў і парка.

Гісторыя

Першы двухпавярховы будынак быў пабудаваны ў сярэдзіне XVII ст. Ён належаў гетману польнаму літоўскаму Яну Самуэлю Агінскаму, а пасля яго смерці – сыну Рыгору Антонію Агінскаму. У архітэктурным плане будынак нічым не вызначаецца – звычайны двухпавярховы палац. У гістарычным плане ён мае вялікую значнасць.

Другі палац быў пабудаваны ў 70-я гады XVIII ст. у стылі ранняга класіцызму на ўзор гарадскога асабняка ўжо пры новым уладальніку Бешанковіч графу, маршалку Галоўнага трыбунала Вялікага княства Літоўскага, падканцлеру і канцлеру ВКЛ Іаахіму Літавору Храптовічу.

Архітэктура

Палац, пач. XX ст.

П-падобны ў плане будынак фарміруе цэнтральны двухпавярховы корпус, высунуты наперад і фланкіраваны двума аднапавярховымі флігелямі. Галоўны вулічны фасад вырашаны плоскасна з цэнтральным двухступенчатым рызалітам, апрацаваным рустам на першым паверсе і завершаны трохвугольным франтонам.

Над парадным уваходам балкон з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё першай паловы XIX ст.) у стылі ампір, на што ўказваюць іанічныя калонкі, гнутыя кранштэйны, маскароны, меандравы пояс, акантавы ліст. Першы паверх мае прамавугольныя аконныя праёмы, дэкарыраваныя класічнымі сандрыкамі і карнізамі. Па перыметры будынка праходзіць філенгавы фрыз, які разам з міжпавярховай цягай узмацняе выразнасць гарызантальнай накіраванасці фасада. Плоскасныя тарцовыя галоўнага корпуса і бакавыя флігелі маюць лаканічнае архітэктурна-дэкаратыўнае афармленне, абмежаванне рустоўкай вуглоў. Першапачаткова палац меў анфіладную парадную планіроўку, асноўныя памяшканні былі на другім паверсе. Памяшканні першага паверха выкарыстоўваліся пад жыллё, склепы – пад гаспадарчыя патрэбы.

Парк

Ад французскага парка на сённяшні дзень засталіся рэдкія пасадкі дубоў і дзве сажалкі. Першая – з паўвостравам, на якім калісьці была ўстаноўлена альтанка, меў бетанаванае дно і не зарастаў. Другая - круглай формы, дыяметрам 40 метраў, з аднолькавымі пакатымі адкосамі. У цэнтры яго быў востраў дыяметрам 20 метраў, які ўяўляў сабой круглую клумбу, акружаную водным колам шырынёй 10 метраў. Пазней у гэтай частцы быў разбіты пейзажны парк, а частка рэгулярнага, што спускалася да Заходняй Дзвіны, была аддзелена шашой і часткова забудавана. Ад рэгулярнага парку ва ўсходняй частцы захаваліся невысокая тэраса, асобныя старыя дрэвы, рэшткі насаджэнняў і старая лістоўніца.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Храптовічы
Катэгорыя·Батанічныя помнікі прыроды мясцовага значэння Віцебскай вобласці
Катэгорыя·Палацы Беларусі
Катэгорыя·Славутасці Бешанковічаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Агінскія
Катэгорыя·Палацава-паркавыя і сядзібна-паркавыя ансамблі Беларусі