wd wp Пошук:

Беларусы ў Антарктыдзе

Антарктыда — апошні рэсурсны рэзерв чалавецтва. Гэта таксама амаль 90 % сусветных запасаў прэснай вады. Тут праводзяцца назіранні за кліматычнымі і метэаралагічнымі працэсамі, якія з’яўляюцца кліматаўтваральнымі фактарамі для ўсёй Зямлі. Вывучаюцца ўздзеянне космасу і працэсы, што адбываюцца ў зямной кары. Існуе не менш дзясятка кірункаў фундаментальных навуковых даследаванняў, цалкам завязаных на Антарктыду.

Рэспубліка Беларусь мае багатыя традыцыі ў вывучэнні і асваенні Антарктыкі. Беларусы прымалі актыўны ўдзел у даследваннях у складзе савецкіх антарктычных экспедыцый. Пасля набыцця незалежнасці Рэспубліка Беларусь страціла цікавасць да ледзянога кантыненту, але ў 2006 паўднёвыя палярныя даследванні былі адроджаны. Да іх былі прыцягнуты і старыя савецкія палярнікі (Аляксей Гайдашоў, Юрый Гігіняк), і пляяда маладых. З 2015 на базе гара Вячэрняя, пакуль што толькі ў летні перыяд, дзейнічае Беларуская антарктычная станцыя.

У складзе савецкіх экспедыцый

Пачынаючы з 1957 у розныя гады ў палярных экспедыцыях удзельнічала звыш 100 чалавек. У асноўным гэта былі супрацоўнікі Рэспубліканскага гідраметцэнтра г. Мінска, гідраметэаралагічнай службы іншых беларускіх гарадоў, а таксама НАН Беларусі і Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

Першым палярнікам Беларусі быў В. К. Шымановіч, удзельнік другой комплекснай антарктычнай экспедыцыі (1957). Самай легендарнай асобай сярод жыхароў Брэста стаў Ф. Ф. Кабот. У гады вайны — марак-падводнік на Паўночным і Балтыйскім флатах. Адразу пасля вайны год правёў на ільдзіне ў Паўночным Ледавітым акіяне, удзельнік дзвюх савецкіх антарктычных экспедыцый. Гэта аб ім пісалі газеты ўсяго свету, які, не будучы ўрачом, зрабіў аперацыю апендыцыту ўрачу станцыі. Аперацыя праходзіла без наркозу паслядоўна па ўказаннях самога ўрача і прайшла паспяхова.

Вялікі ўклад палярнікаў Беларусі ў даследаванні Антарктыды адлюстраваны ў многіх навуковых працах. Супрацоўнікі Рэспубліканскага гідраметцэнтра, удзельнікі савецкай антарктычнай экспедыцыі, зафіксіравалі ў 1983 на станцыі Усход самую нізкую тэмпературу на планеце: мінус 89,2 градусы па Цэльсію (Карпюк В. Л.), у 1989 на станцыі Ленінградская самы моцны вецер на планеце: 78 м/сек. (Гайдашоў А. А.)

Даследванні ў перыяд незалежнасці (2006 — …)

Падмурак

У цяперашні час прапрацоўваецца пытанне аб адкрыцці ўласнай станцыі і значным пашырэнні навукова-даследчых работ спецыялістамі Беларусі ў Антарктыдзе. Для стварэння беларускай станцыі будзе выкарыстана бязвыплатна перадаваемая Расіяй палявая база, размешчаная ў раёне гары Вячэрняя на ўзбярэжжы мора Касманаўтаў (непадалёку ад закансервіраванай савецкай станцыі «Маладзёжная», калісьці — «сталіцы» савецкай Антарктыды).

Расійскія даследчыкі зацікаўлены ва ўдзеле Беларусі ў антарктычным праекце і прысутнасці на мацерыку. Супрацоўніцтва з беларусамі дазволіць расіянам працягваць даследаванні, якія зараз знаходзяцца пад пагрозай спынення з-за недахопу фінансіравання. У сваю чаргу, супрацоўніцтва з Расіяй дазволіла Беларусі пазбегнуць затрат у 10 млн доллараў на ўзвядзенне станцыі з нуля і яшчэ прыкладна столькі ж на фрахт суднаў для дастаўкі паліва, харчавання і абсталявання на антарктычны мацярык.

Абмяркоўваецца праграма супрацоўніцтва з французскімі палярнікамі.

Першая экспедыцыя

Перадавая група беларускіх вучоных была накіраваная на станцыю ў лістападзе 2006. Для вядзення пастаяннай навуковай работы і круглагадовага пражывання неабходна было мадэрнізіраваць электраабсталяванне станцыі, а таксама ўстанавіць новае ацяпляльнае і навуковае абсталяванне. Афіцыйнае адкрыццё станцыі адбываецца з моманту перадачы ў эфір першай зводкі назіранняў, перш за ўсё метэаралагічных. Паўнавартасным удзельнікам Дагавора аб Антарктыцы краіна лічыцца толькі тады, калі яна ў круглагадовым рэжыме папаўняе інфармацыяй сусветны банк даных і актыўна ўдзельнічае ва ўсіх міжнародных працэсах, якія адбываюцца ў рамках Дагавора.

Такім чынам, пачатак самастойнай прысутнасці Беларусі ў Антарктыдзе супаў з Міжнародным палярным годам, якім аб’яўлены 2007-ы.

Наступныя экспедыцыі

Аляксей Гайдашоў выступае перад вучнямі мінскай гімназіі пасля вяртання з экспедыцыі, 2018

У 2007—2010 праведзеныя тры беларускія антарктычныя экспедыцыі. За гэты час у Антарктыдзе пабывалі 12 беларускіх спецыялістаў. Сёння актыўна вядзецца будаўніцтва ўласнай станцыі на базе гары Вячэрняй. Па стане на люты 2016 года, у Антарктыдзе ўжо працуюць першыя тры модулі беларускай антарктычнай станцыі. Усяго плануецца пабудаваць каля 12-15 модуляў, разлічаных прыкладна на 12 чалавек.

Дзясятая

25 студзеня 2018 Аляксей Гайдашоў паведаміў аб увядзенні ў эксплуатацыю трох новых аб’ектаў — навуковай лабараторыі і службова-жылых пакояў — беларускай антарктычнай станцыі і ўрачыста ўручыў ключы ад іх удзельнікам дзясятай экспедыцыі — Аляксею Захватаву, Максіму Гарбацэвічу і Артуру Івашку.[1]

Адзінаццатая

8 лістапада 2018 Аляксей Гайдашоў са Стамбула распавёў тэлеканалу СТБ аб пачатку 11-й экспедыцыі. У пачатку снежня другая частка экспедыцыі разам з расійскімі калегамі даставілі да Гары Вячэрняй каля 100 тон грузаў для развіцця станцыі. Галоўная задачы 11-й экспедыцыі — развіццё інфраструктуры станцыі. З навуковых задач экспедыцыя па-ранейшаму ставіць на першы план даследванні фізічнага стану атмасферы, маніторынг азонавага слою, мікрабіялогіі і біялогію прыбярэжнай фаўны, кліматычныя даследванні.[2]

Дзяржаўнае кіраванне дзейнасцю ў Антарктыдзе

Адкрыццё станцыі і вядзенне навуковых даследаванняў прадугледжана Дзяржаўнай мэтавай праграмай «Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2007—2010 гады і на перыяд да 2015 года».

11 мая 2011 Урадам Беларусі зацверджаная Дзяржаўная праграма «Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2011—2015 гады». Новая праграма прадугледжвае правядзенне навуковых даследаванняў і маніторынгу стану прыроднага асяроддзя палярных раёнаў Зямлі, накіраваных на атрыманне Беларуссю статусу раўнапраўнага ўдзельніка сусветнага працэсу па даследаванні і выкарыстанні палярных раёнаў, забеспячэнне доўгатэрміновых палітычных, эканамічных і навуковых інтарэсаў краіны ў палярных абласцях Зямлі, выкананне міжнародных абавязацельстваў у рамках Дагавора аб Антарктыцы і атрыманне статусу кансультатыўнага боку.

Грамадская актыўнасць

Дзеля выкарыстання антарктычнага досведу беларусаў для будучых даследаванняў, на ўрачыстым паседжанні беларускіх палярнікаў, якое было прысвечана 50-годдзю пачатку даследаванняў Антарктыды, пад эгідай Беларускага геаграфічнага таварыства быў створаны аддзел палярных даследаванняў. Аб’яднанне беларускіх палярнікаў дазволіць прафесіянальна ажыццяўляць грамадскую каардынацыю як на этапе падрыхтоўкі, так і рэалізацыі нацыянальных антарктычных даследаванняў. Прыярытэтны кірунак дзейнасці аддзела — выкарыстанне накопленага інтэлектуальнага і практычнага патэнцыялу па вывучэнню палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнню дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый.

Зноскі

  1. https://www.sb.by/articles/na-belorusskoy-antarkticheskoy-stantsii-sdali-tri-novykh-obekta.html
  2. http://www.ctv.by/novosti-minska-i-minskoy-oblasti/belorusskie-polyarniki-otpravilis-v-antarktidu Архівавана 17 лютага 2019.
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Геаграфія ў Беларусі
Катэгорыя·Антарктыка
Катэгорыя·Антарктыда