wd wp Пошук:

Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы

Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы. Працавала ў 19221923 і 19251927. Створана паводле рашэння Цэнтральнага савета па асвеце народаў нярускай мовы (Саўнацмен) пры Наркамаце асветы РСФСР. Непасрэдна падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР і Саўнацмену пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы.

19221923

Задачы секцыі: арганізацыя на тэрыторыі Смаленскай губерні нацыянальных школ, клубаў, іншых культурна-асветных устаноў для беларускага насельніцтва. Напачатку пад кіраўніцтвам загадчыка секцыі М. Агейчыка выяўляла і даследавала раёны кампактнага пражывання беларусаў на тэрыторыі губерні, вывучала мэтазгоднасць выкладання беларускай мовы ў школах і ўстановах, рэгістравала настаўнікаў, якія ведалі беларускую мову, праводзіла падбор кандыдатаў на Цэнтральныя беларускія настаўніцкія курсы пры Наркамаце РСФСР у Мінску. Ігнараванне органамі Смаленскага губернскага аддзела народнай асветы і губернскім партыйна-савецкім кіраўніцтвам працэсаў нацыянальнага самавызначэння беларусаў на Смаленшчыне прывяло да ліквідацыі беларускай секцыі паводле пастановы губернскага аддзела народнай асветы ў чэрвені 1923.

19251927

Адноўлена пасля настойлівых захадаў Наркамата асветы РСФСР у 1925. У красавіку 1925 пры секцыі створаны Савет па асвеце беларусаў з мэтай практычнай рэалізацыі распрацаванага плана-сеткі беларускіх школ на Смаленшчыне. У 1925/26 навучальным годзе адкрыты першыя 2 беларускія школы і 2 пункты па ліквідацыі непісьменнасці. Летам 1926 пры секцыі арганізавана беларуская метадычная камісія на 1926/27 навуч. г. на чале з загадчыкам секцыі У. Ганчаровым. Былі распрацаваны вучэбныя праграмы для школ па беларускай мове, геаграфіі, гісторыі, праведзены губернскія летнія курсы беларускіх настаўнікаў. 3 верасня 1926 з мэтай падрыхтоўкі спецыялістаў для беларускіх школ і культурна-асветных устаноў Смаленшчыны намаганнямі супрацоўнікаў секцыі быў уведзены курс беларусазнаўства на педагагічным факультэце Смаленскага універсітэта, адкрыты беларускія аддзяленні губернскай савецкай партшколы і губернскага рабфака. Пад кіраўніцтвам секцыі з 1926/27 навуч. г. ў Руднянскім, Рослаўскім, Манастыршчынскім і Шумяцкім паветах працавала 21 беларуская школа з 652 вучнямі і гурток па вывучэнні беларускай мовы ў Заходнім упраўленні сувязі. У 1927/28 навуч. г. колькасць падкантрольных секцый школ вырасла да 37. 3 прычыны нястачы матэрыяльных сродкаў пастановай губернскага аддзела народнай асветы восенню 1927 усе нацыянальныя секцыі, у т. л. беларуская, ліквідаваны. Функцыі нацыянальных секцый і кіраўніцтва нацыянальнымі школамі перададзены інспектару па справах нацыянальных меншасцей губернскага аддзела народнай асветы. Супрацоўнічала з Беларускім студэнцкім зямляцтвам у Смаленску.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (12):
Беларускае цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР
1925 год у Смаленску
Зніклі ў 1927 годзе
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Смаленская губерня
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
З’явіліся ў 1922 годзе
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
1922 год у Смаленску
Адукацыя ў Смаленску
Арганізацыі Смаленска
З’явіліся ў 1925 годзе