Базыль Белаказовіч (2 студзеня 1932, Відава, Беластоцкае ваяводства — 21 лютага 2010, Варшава) — польскі літаратуразнавец, доктар філалогіі, прафесар.
Па паходжанню на палову беларус, а на палову — паляк. У 1956 годзе скончыў філалагічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта, а праз год там жа — гістарычны. Праз няпоўных дзесяць гадоў стаў ужо ганаровым доктарам таго ж універсітэта. Падставы для гэтага дала манаграфія «З гісторыі польска-рускіх літаратурных сувязяў XIX стагоддзя» (1971). А неўзабаве на яго ўсклалі грамадскія абавязкі віцэ-прэзідэнта Асацыяцыі выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры ў Польшчы.
Істотныя карэктывы ў навуковыя планы ўнеслі каардынацыйныя паездкі ў Беларусь, удзел у мінскіх навуковых канферэнцыях і кангрэсах, знаёмствы з Вячаславам Рагойшам, Алегам Лойкам і іншымі беларускімі ўніверсітэцкімі прафесарамі. У выніку гэтага з’явілася смелая манаграфія «Мар’ян Здзяхоўскі і Леў Талстой» (1995), дзе ўладальнік Ракава выступае як роўны расійскаму класіку. Пісаў артыкулы пра беларускую літаратуру XIX стагоддзя, пра творчыя сувязі беларускіх і польскіх пісьменнікаў. Зрэшты, там, дзе не ставала такіх сувязей, ён іх арганізоўваў сам.
Даследаваў беларускую літаратуру XIX стагоддзя, творчасць польска-беларускіх пісьменнікаў, беларускія тэмы і матывы ў польскай літаратуры і польскія ў беларускай.
Памёр у Варшаве, пахаваны на праваслаўных могілках.