wd wp Пошук:

Багдан Іванавіч Заслаўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Заслаўскі.

Багдан Іванавіч Заслаўскі (каля 1465 — каля 1530) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дваранін каралеўскі (1486—1488) і гаспадарскі (1492—1499), намеснік менскі (з 1499).

Жыццяпіс

З роду князёў Заслаўскіх (Яўнуцьевічаў) герба ўласнага, малодшы сын князя Івана Юр’евіча Заслаўскага, намесніка менскага, а потым віцебскага.

У 1486—1488 гадах дваранін караля Казіміра, потым дваранін вялікага князя Аляксандра. У 1494 годзе як вялікі прыстаў пад Меднікамі сустракаў маскоўскае пасольства, якое везла ў Вільню вялікую княжну маскоўскую Aлену Іванаўну. У 1495 годзе атрымаў ад вялікага князя Аляксандра 14 «чалавек» у «Краснасельскім павеце», а ў маі 1499 года, названы без урадаў, пацвярджэнне на «людзей»-пінчан у «Краснасельскім павеце». Летам 1499 года названы ўжо з намеснікам менскім і захоўваў гэты ўрад да канца жыцця.

У 1507 і 1508 гадах кароль Жыгімонт Стары паведамляў менскаму намесніку пра наданне ў трохгадовую арэнду менскага мыта менскаму войту «жыду Абрахаму». У 1508 годзе атрымаў пацвярджэнне караля Жыгімонта Старога на «двор» Прылукі, нададзены яму яшчэ вялікім князем Аляксандрам. У 1509 годзе кароль судзіў спрэчку князя Багдана з менскімі мяшчанамі пра няслушны збор падаткаў і патрабаваў ад свайго намесніка «крыўд ім не чыніць». У 1513 годзе Паны-Рада заклікаюць «брата і прыяцеля свайго» князя Багдана Іванавіча Заслаўскага намесніка менскага прывесці Менскі замак у гатоўнасць да абароны праз чаканы напад Маскоўскай дзяржавы. У 1525 годзе для вырашэння спрэчкі князя Міхаіла Іванавіча Мсціслаўскага з сынам Фёдарам кароль адсылае князя Багдан Іванавіча Заслаўскага да князя Міхаіла з пажаданнем, каб вызначыў сыну ўтрыманне. У 1526 годзе ў справе з Міхалам Пятрашкавічам атрымаў дэкрэт па прысуджэнне сабе «людзей» Бесапішычаў, Каўшэвічаў, Варгвошычаў, Юрашэвічаў, Бартніковічаў і Рамановічаў у Менскім павеце.

На Попіс 1528 года ставіў да земскай службы 14 «коней».

Сям’я

Жанаты з Аграфенай (?—1542), дачкой кіеўскага намесніка Івана Хадкевіча, трымаў яе вотчынныя ўладанні — «двор» Лошыцу ў Менскім павеце і іншыя маёнткі ў Менскім і Аршанскім паветах. Сужэнцы мелі чатырох дачок.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Заслаўскія (Яўнуцьевічы)
Катэгорыя·Старосты менскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў 1530 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Заслаўскія (Яўнуцьевічы)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1465 годзе