БТР-70МБ1 — адзін з беларускіх варыянтаў мадэрнізацыі савецкага бронетранспарцёра БТР-70.
Распрацоўка мадэрнізаваных варыянтаў БТР-70 для ўзброеных сілаў краіны і замежных заказчыкаў пачалася на 140-м рамонтным заводзе МА РБ у горадзе Барысаў у пачатку 2000-х гадоў[2]. Распрацоўка БТР-70МБ1 праходзіла за кошт уласных сродкаў прадпрыемства[1] пад кіраўніцтвам галоўнага канструктара завода Вольгі Пятровай[3] і машына прапаноўвалася на экспарт яшчэ да заканчэння дзяржаўных выпрабаванняў [4].
У маи 2014 года на выстаўцы зброі MILEX-2014, што праходзіла ў Мінску, завод паведаміў аб магчымасці вытворчасці на экспарт мадэрнізаванага бронетранспарцёра БТР-70МБ з рухавіком КАМАЗ[5]. У лістападзе 2016 года БТР-70МБ1 паспяхова завяршыў дзяржаўныя выпрабаванні[1].
У пачатку студзеня 2017 года даследча-канструктарскія працы па БТР-70МБ1 былі скончаныя[1].
У 2018 годзе БТР-70МБ1 пачалі паступаць у падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый Беларусі[6]. 24 ліпеня 2018 года яшчэ 32 бронетранспарцёра перадалі на ўзбраенне 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады[7]. У гэтым жа годзе некалькі машын закупіў для сваіх узброеных сіл Судан[8] і 4 адзінкі Кот-д’Івуар[9].
У ходзе пераабсталявання БТР-70 у БТР-70МБ1 ладзіцца капітальны рамонт, рэматарызацыя (два бензінавых рухавіка ЗМЗ-4905 замяняюць на 8-цыліндравы дызельны рухавік КАМАЗ-7403.10 з магутнасцю 260 конскіх сіл), устаноўка новай раздатачнай каробкі і прывадаў яе кіравання[1]. Каробка пераключэння перадач пяціступенчатая[4]. Таксама ўсталёўваецца больш дасканалы вадамётны рухавік ад БТР-80[6].
Ажыццяўляецца замена радыёабсталявання — БТР-70МБ1 атрымаў беларускую лічбавую радыёстанцыю Р-181-50ТУ «Дрофа», якая забяспечвае перадачу маўленчай і лічбавай інфармацыі па памехаабароненаму каналу сувязі[6][1].
Для забеспячэння камфортнага размяшчэння вайскоўцаў на 140 мм павялічана вышыня дэсантнага адсеку, а для зручнага выхаду з бронемашыны — пашыраныя праёмы бакавых люкаў з устаноўкай у іх двухстворкавых дзвярэй[1][6]. У мэтах маскіроўкі і прыкрыцця бронемашыны ад агню супрацьтанкавых сродкаў, мадэрнізаваны БТР-70МБ1 абсталяваны шасцю 81-мм дымавымі гранатамётамі 902В «Хмара-2», якія адстрэльваюць на далёкасць 200-300 м зарады, якія ўтвараюць суцэльную дымавую заслону памерам 50х28 м[1].
Устаноўлены шыны маркі КІ-80, выкананыя з пулестойкай гумы[7].
Штатнае ўзбраенне засталося ранейшым[1], але прадугледжана тэарэтычная магчымасць ўстаноўкі вежавага баявога модуля з 30-мм аўтаматычнай гарматай 2А42[6].
У кастрычніку 2018 года з’явіліся звесткі аб выкарыстанні БТР-70МБ1 у баявых дзеяннях на тэрыторыі Емена суданскай армiяй. Дадзеныя машыны былі заўважаныя ў раёне партовага горада Адэн.
У студзені 2022 года машына выкарыстоўвалася сіламі беларускай міратворчай роты падчас аперацыі ў Казахстане[10].