wd wp Пошук:

Аўсяніца

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Аўсяніца (значэнні).

Аўся́ніца, Мурожніца[3] (Festuca) — род кветкавых раслін сямейства метлюжковых.

Апісанне

Шматгадовыя травяністыя расліны, утвараюць шчыльныя дзярніны або маюць паўзучыя падземныя парасткі. Сцяблы прамастойныя, вышынёй 10—150 см, з замкнёнымі ці расшчэпленымі похвамі, ланцэтападобнымі вушкамі або без іх, з пераважна кароткімі язычкамі. Лісце лінейнае, пляскатае, складзенае ўдоўж ці згорнутае ў вузкія трубачкі, звычайна шурпатае або валасістае, рэдка голае і гладкае. Суквецці — слабараскідзістыя, сціснутыя і гронкападобныя шматкаласковыя мяцёлкі. Каласкі 2—15-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка звычайна з кароткім асцюком. Плод — зярняўка.

Пашырэнне

Налічваецца каля 500 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і халодных паясах Зямлі, у субтропіках і горных сістэмах тропікаў. На Беларусі 11 дзікарослых[4] і 8 інтрадукаваных відаў; дзікарослыя — аўсяніца авечая (Festuca ovina), аўсяніца валіская (Festuca valesiaca), аўсяніца высокая (Festuca altissima), аўсяніца гіганцкая (Festuca gigantea), Festuca beckeri — на тэрыторыі краіны сустракаюцца два падвіды: аўсяніца палеская (Festuca beckeri polesica) і аўсяніца дзюнная (Festuca beckeri sabulosa), аўсяніца лугавая (Festuca pratensis), аўсяніца несапраўдная авечая (Festuca pseudovina), аўсяніца Рэгеля (Festuca regeliana), аўсяніца танкалістая (Festuca tenuifolia), аўсяніца чырвоная (Festuca rubra), аўсяніца шурпалістая (Festuca trachyphylla).

Выкарыстанне

Амаль усе віды — кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца для пашы, газонаў і інш. Выведзены шматлікія сарты розных відаў аўсяніцы. Некаторыя віды замацавальнікі рухомых пяскоў і пясчаных схілаў, дэкаратыўныя расліны.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісванай у гэтым артыкуле групы раслін да класа аднадольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Аднадольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 53. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. База Расліны Беларусі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Аўсяніца
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных