Аўрэлій Валерый Валент (лац.: Aurelius Valerius Valens, ? — 317 г.), вядомы таксама як Валент I — рымскі імператар з канца 316 года па 1 сакавіка 317 года.
Адзінае, што вядома пра гэтага чалавека да яго прыходу да ўлады — што ён быў камандуючым на мяжы (лац.: dux limitanis) у Дакіі[1] (якая ў той час кантралявалася Ліцыніем). Пасля таго як падчас першай сваёй вайны з Канстанцінам I Ліцыній пацярпеў знішчальную паразу ў бітве пры Цыбале 8 кастрычніка 316 года[2] (некаторыя даследчыкі яе адносілі да 314 г.[3]), ён бег да Адрыянапаля, дзе з дапамогай Валента сабраў новае войска. Там, напачатку снежня 316 года Ліцыній узвёў Валента ў ранг Аўгуста — напэўна, для таго, каб захаваць яго лаяльнасць[4]. Пазней Ліцыній распачне такі ж ход, падчас другой вайны з Канстанцінам прызначыўшы сабе ў суправіцелі Марцініяна.
Наратыўныя крыніцы завуць Валента цэзарам, аднак на манетах ён пазначаецца як Аўгуст[5].
Сітуацыю змяніла параза Ліцынія ў бітве пры Мардыі ў канцы 316 — пачатку 317 гадоў. Ліцыній быў змушаны прызнаць Канстанціна старэйшым аўгустам і зрушыць Валента. Мірны дагавора быў складзены ў Сердзіцы 1 сакавіка 317 года. Невядома, ці было гэта ўмовай дагавора, але крыху пазней Ліцыній караў смерцю Валента[6].