Астэалагічны парадокс (англ.: Osteological paradox) — навуковая канцэпцыя, якую высунуў вядомы антраполаг Джэймс Вуд з калегамі ў 1992 годзе[1]. Ён звязаны з неаднастайнасцю рызыкі захворвання, селектыўнай смяротнасцю і дэмаграфічнай нестацыянарнасцю[2]. Астэалагічны парадокс праяўляецца ў немагчымасці адназначна вызначыць стан здароўя чалавека па яго шкілетных рэштках, калі на іх няма слядоў сур’ёзных захворванняў, бо аднолькава магчымы і выпадак, калі чалавек быў адносна здаровым і не меў цяжкай хваробы, так і верагоднасць таго, што хвароба забіла яго настолькі хутка, што змены на касцях не паспелі з’явіцца[3].
З-за таго, што вучоныя, якія займаюцца біяархеалогіяй(польск.) бел., палеапаталогіяй(польск.) бел. і іншымі смежнымі навуковымі галінамі, маюць справу толькі з людзьмі, якія памерлі ў пэўна вызначаным узросце, але не могуць вывучаць жывых людзей гэтага ж узросту, узнікаюць цяжкасці з інтэрпрэтацыяй астэалагічных прыкмет фізіялагічнага стрэсу арганізму (англ.: osteological stress markers), якія знаходзяцца на біялагічных парэштках. Сярод такіх прыкмет можна назваць, напрыклад, лініі Гарыса(англ.) бел., эмалевую гіпаплазію(руск.) бел. і іншыя[2].
Асноўная праблема астэалагічнага парадоксу заключаецца ў тым, што той чалавек, які нясе праявы паталагічных паразаў на шкілеце і зубах, з’яўляецца прадузятым узорам. Каб хвароба прагрэсавала да ступені прысутнасці на костках, чалавеку давялося б пражыць з гэтым захворваннем на працягу некаторага значнага прамежку часу, пры гэтым тыя людзі, якія па шкілетных парэштках выглядаюць здаровымі, на самай справе маглі памерці ад той самай хваробы ў пачатку «заражэння» або досыць рана, калі яна яшчэ не праявілася на костках[2]. Такім чынам узнікае парадокс, калі больш «здаровыя» косткі без слядоў хваробы на іх на самай справе могуць належаць людзям, якія мелі горшы імунітэт і слабейшае здароўе[4].
Паколькі фокус у палеанталагічных навуках ссоўваецца ад вывучэння асобных індывідумаў да папуляцый, павышаецца і значэнне астэалагічнага парадоксу, бо ўзнікае неабходнасць правільнага звядзення дыскрэтных апісанняў і даследаванняў асобных шкілетных парэшткаў у агульную сістэму з атрыманнем заканамернасцяў, якія можна будзе распаўсюджваць на шырокую папуляцыю[2].