wd wp Пошук:

Астра стэпавая

Астра стэпавая, Астра дзікая[3] (Aster amellus) — кветкавая травяністая расліна сямейства астравых.

Батанічнае апісанне

Батанічная ілюстрацыя Якаба Штурма з кнігі «Deutschlands Flora in Abbildungen», 1796

Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 20-60 см са слаба галінастым у суквецці сцяблом і кароткім тоўстым карэнішчам. Сцябло звычайна каротка валасістае або голае, па ўсёй даўжыні аблісцелае. Лісце зваротнаяйкападобнае, лапатчатае, шурпатае, прытупленае (сярэднія і верхнія з вастрыём на верхавінцы), па краі цэльнае або часам расстаўлена-шыроказубчастае з 3 выразнымі жылкамі. Кошыкі даволі буйныя, дыяметрам 3-5 см, сабраны ў простую шчыткападобную мяцёлку. Абгортка шырокая, паўшарападобная, чарапіцавая; яе лісцікі шурпатыя, зялёныя, па краях з раснічкамі. Язычковыя кветкі ўдвая перавышаюць абгортку, лінейна-ланцэтныя, фіялетавыя або блакітныя. Кветкі дыска трубчастыя, жоўтыя. Плод — густаваласістая сціснутая сямянка з белым чубком.

Пашырэнне

Рэліктавы еўрапейскі лесастэпавы від, у Беларусі знаходзіцца ў ізаляваных астраўных месцах росту і лакалітэтах за паўночнай мяжой арэала. Месцы росту: маладыя сасновыя і дубова-сасновыя мшыстыя лясы, лясныя паляны і ўзлескі, сухадольныя лугавіны і хмызнякі.

Асаблівасці біялогіі

Расце адзінкавымі экземплярамі або невялікімі групамі. Цвіце ў ліпені-верасні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.

Выкарыстанне

Дэкаратыўная расліна.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 21. — 160 с. — 2 350 экз.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Астравыя (падсямейства)
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Травы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Дэкаратыўныя расліны