У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лабко. Аляксандр Сяргеевіч Лабко (нар. 13 сакавіка 1959, г. Мінск, БССР, СССР) — доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Лабко Аляксандр Сяргеевіч нарадзіўся 13 сакавіка 1959 года ў Мінску. У 1981 годзе скончыў з адзнакай фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. З 1981 г. — інжынер, малодшы навуковы супрацоўнік галіновай НІЛ магнітнай і гама-рэзананснай спектраскапіі, а з 1985 г. — малодшы навуковы супрацоўнік НІЛ ядзернай оптыкі пры кафедры ядзернай фізікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта; адначасова выкладаў на кафедры медыцынскай фізікі Мінскага медыцынскага інстытута(1982—1986 гг.). З 1986 года Лабко Аляксандр Сяргеевіч — навуковы, старшы навуковы супрацоўнік, з 1994 года — вучоны сакратар, а з 2000 года — намеснік дырэктара па навуковай рабоце НДУ «Інстытут ядзерных праблем» БДУ. У 1992 годзе Лабко А. С. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 2007 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па спецыяльнасці «01.04.16 — фізіка атамнага ядра і элементарных часціц». З 2009 года працуе па сумяшчальніцтву на пасадзе прафесара на кафедры ядзернай фізікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Cфера навуковых цікаўнасцей Аляксандра Сяргеевіча: выпраменьванне заражаных часціц, якія рухаюцца ў перыядычных структурах, дэтэктаванне іанізуючых выпраменьванняў, навуковае прыборабудаванне. Лабко А. С. — удзельнік эксперыментаў па вывучэнні параметрычнага рэнтгенаўскага выпраменьвання зараджаных часціц у крышталях, у тым ліку прыярытэтных у свеце — па выяўленні выпраменьвання ад пратонаў і выпраменьвання ў рэжыме шматхвалявай генерацыі. Удзельнічаў у выкананні навуковых праектаў дзяржаўных праграм Рэспублікі Беларусь, Фонду фундаментальных даследаванняў і MNTC. Мае вопыт міжнароднай навуковай дзейнасці ў рамках міжнародных калабарацый CMS (ЦЕРН, Швейцарыя) і BTeV (Фермілаб, ЗША), працаваў у працяглых навуковых камандзіроўках ў Рымскім універсітэце Ла Сапіенца. Лабко Аляксандр Сяргеевіч — член Савета па абароне дысертацый Д 01.05.02 пры Інстытуце фізікі ім. Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі, член Экспертнага савета ВАК РБ.