wd wp Пошук:

Аляксандр Махноўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Махноўскі. Аляксандр (Алесь) Махноўскі (24 верасня 1902, Дзвінск — 19 кастрычніка 1967) — беларускі настаўнік, грамадскі дзеяч.

Біяграфія

Нарадзіўся 24 верасня 1902 года ў беларускай інтэлігенцкай сям’і ў Дзвінску. Ягоны бацька Сцяпан Махноўскі быў настаўнікам у Дзвінскім павеце. У час Першай сусветнай вайны сям’я Махноўскіх была эвакуаваная ў глыб Расіі, у горад Курск. Там малады Аляксандр атрымаў сярэднюю асвету.

Дзвінская ініцыятыўная група па падрыхтоўцы Беларускіх вечароў у 1922. Злева направа: Пётра Мірановіч, Кастусь Александровіч, Язэп Камаржынскі, Алесь Махноўскі

Пасля вайны Махноўскія вярнуліся ў Дзвінск, дзе мелі сваю маёмасць. Тут Аляксандр скончыў Беларускія настаўніцкія курсы і ў 1923 годзе атрымаў атэстат першага выпуску Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. Яшчэ будучы студэнтам настаўніцкіх курсаў і вучнем апошняга класа гімназіі, Аляксандр Махноўскі шмат дапамог у арганізацыі гэтых навучальных устаноў, прыцягнуўшы маладых дзвінчукоў. Тады ж быў тут арганізаваны тэатр і беларускае таварыства «Беларуская Хата».

У восень 1923 года Аляксандр Махноўскі, разам са сваёй жонкай Антанінай, таксама настаўніцай, выехаў на працу ў беларускую вёску, заняўшы становішча кіраўніка Пустыніскай 6-класнай школы. Пазней, аж да 1939 года ён працаваў у Прыдруйшчыне. У 1940—1941 годзе ён займаў становішча кіраўніка няпоўнай сярэдняй школы ў Ілукшчыне. Шмат дапамагаў бяднейшым вучням матэрыяльна, стварыўшы адмысловы фонд дапамогі. З’яўляўся прадстаўніком беларускага настаўніцтва ў Дзвінскай павятовай управе.

У час нямецкай акупацыі, у 1942—1944 гг. Махноўскі займаў становішча інспектара беларускіх школаў у Дзвінскім, Люцынскім і Ілукштанскім паветах, значна пашырыўшы беларускую школьную сетку, а таксама скамплектаваўшы найвялікшы лік настаўнікаў.

Увосень 1944 г. Аляксандр Махноўскі з сям’ёй падаўся на Захад. Пад Брэгенцам (Аўстрыя) трагічна загінуў яго адзіны сын. У 1949 г. прыехаў у ЗША. Тут ён адразу далучыўся да беларускай грамады, гуртуючы прыбылых сюды землякоў. Ён не забываўся таксама і тых. Дапамагаў беларускім сябрам, што засталіся ў Еўропе, прыехаць у Амерыку і, як мог, стараўся наладзіць ім тут прыпынак.

Напружаная фізічная праца і розныя клопаты зламалі яго, і на доўгі час ён мусіў адысці ад грамады і грамадскай працы. На заканчэнне свайго жыцця ён перанёс дзве цяжкія аперацыі, праляжаўшы тры месяцы ў шпіталі. Памёр 19 кастрычніка 1967 г. Пахаваны на беларускіх могілках ў Іст-Брансвіку.

Зноскі

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Пахаваныя ў ЗША
Катэгорыя·Пахаваныя на Беларускіх могілках у Іст-Брансуіку
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1902 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 верасня
Катэгорыя·Выпускнікі Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Педагогі Латвіі
Катэгорыя·Беларусы ў Латвіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Даўгаўпілсе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1967 годзе
Катэгорыя·Памерлі 19 кастрычніка