wd wp Пошук:

Аляксандр Іванавіч Бутакоў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бутакоў.

Аляксандр Іванавіч Бутакоў (6 верасня 1921, в. Ніжняя Валшанка, Лузскі раён, Кіраўская вобласць — 23 сакавіка 2009) — тэатральны педагог, тэатразнавец, аўтар шматлікіх навуковых прац па пытаннях тэатра і выхавання акцёра, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1980).

Біяграфія

Быў пятым з дзесяці дзяцей вялікай сялянскай сям’і. Яшчэ ў час навучання ў пачатковых класах наведваў самадзейны драматычны гурток. Школьныя педагогі адзначалі працаздольнасць і стараннасць, самастойнасць, адказнасць і настойлівасць у дасягненні мэты. Тэатральная кар’ера пачалася ў 1936 годзе, калі ён падлеткам займаўся ў тэатральных гуртках Пскоўскага дзіцячага Дома культуры і выконваў рознахарактарныя ролі ў спектаклях па п’есах Ж.-Б. Мальера, М. Твэна, А. Астроўскага.

Рэалізацыю творчых планаў перапыніла вайна. У лістападзе 1941 годзе трапіў у мінамётную роту рэзерву, неўзабаве стаў намеснікам палітрука роты. З 1942 па 1945 год займаўся сакрэтным справаводствам 328-й дывізіі, адной з тых гераічных дывізій, што вызвалялі Мінск. Дзень Перамогі сустрэў у Мінску.

У лістападзе 1945 года здаў уступныя іспыты і атрымаў студэнцкі білет акцёрскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага тэатральнага інстытута. Вучыўся на курсе знакамітага педагога і рэжысёра Еўсцігнея Міровіча, педагогамі інстытута былі знакамітыя акцёры і рэжысёры беларускага тэатра: Дзмітрый Арлоў, Канстанцін Саннікаў, Барыс Мардвінаў, Барыс Вішкароў, Вольга Галіна.

Пасля заканчэння Тэатральнага інстытута паступіў у аспірантуру, пасля заканчэння якой у 1953 года абараніў ў Маскве дысертацыю і стаў першым мастацтвазнаўцам-тэатразнаўцам Беларусі. З 1953 года — дацэнт кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. У 1974—1981 гадах працаваў дэканам тэатральнага факультэта і ажыццявіў пастаноўку дыпломных спектакляў «Дачнікі», «Варвары», «На дне» М. Горкага, «Не было ні гроша, да раптам шастак» А. Астроўскага, «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Ішла вайна» паводле твораў В. Быкава, “У добры час! " В. Розава, «Грошы для Марыі» В. Распуціна і інш. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся дакладнай распрацоўкай характараў, глыбокім даследаваннем іх унутранага зместу.

Педагагічную дзейнасць А. І. Бутакоў удала спалучаў з навуковай і навукова-метадычнай. Ён аўтар манаграфіі «Мастацтва жыццёвай праўды» (1957) аб творчым шляху Беларускага тэатра імя Я. Купалы ў 1920-1940-я гадах. Кніга стала першым грунтоўным даследаваннем складанага перыяду дзейнасці вядучага тэатральнага калектыву краіны. Яму належыць шэраг артыкулаў у перыядычным друку па пытаннях тэатра і выхаванні акцёра.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Памерлі 23 сакавіка
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без альма-матар
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў 2009 годзе
Катэгорыя·Рэктары Беларускай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Нарадзіліся 6 верасня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1921 годзе