wd wp Пошук:

Альфонса IX

Альфонса IX Леонскі (15 жніўня 1171, Самора — 23 верасня 1230, Сарыя) — кароль Леона і Галісіі з Бургундскай дынастыі, які кіраваў у 1188—1230 гадах. Сын Фердынанда II і Уракі Партугальскай. Узышоў на трон пасля смерці бацькі і кіраваў да ўласнай смерці. Паводле Ібн Хальдуна, меў мянушку Baboso (Мокрабароды), таму што быў схільны да прыступаў гневу, у час якіх у яго з рота выходзіла пена.

Біяграфія

Альфонса нарадзіўся ў Саморы і быў адзіным сынам караля Фердынанда II і Уракі Партугальскай. Стаўшы кіраўніком Леона, прыняў актыўны ўдзел у Рэканкісце, адваяваўшы ў арабаў практычна ўсю Эстрэмадуру.

Адной з найважнейшых падзей яго кіравання было скліканне ў 1188 годзе Кортэсаў Леона — першага еўрапейскага парламента, паводле праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету».[3] Пайсці караля на гэты крок вымусілі складаная эканамічная сітуацыя ў пачатку яго кіравання і неабходнасць павелічэння падаткаў: было неабходна падняць падаткі на бяздольныя класы, якія пратэставалі. Тады Альфонса склікаў асамблею дваран, духавенства і прадстаўнікоў гарадоў, якія запатрабавалі кампенсацый і кантролю за расходамі кароны.

Пасля таго, як Альфонса VIII Кастыльскі быў разбіты ў бітве пры Аларкасе, Альфонса IX пры дапамозе мусульман уварваўся ў Кастылію. У 1197 годзе ён ажаніўся са сваёй кузінай Берэнгарыяй Кастыльскай для ўмацавання міру паміж Леонам і Кастыліяй. З прычыны таго, што пара была ў блізкім сваяцтве, на караля і каралеўства Папам Цэлестынам III быў накладзены інтэрдыкт. У далейшым Папа змяніў сваё рашэнне, пакінуўшы толькі аднаго Альфонса адлучаным ад Царквы, што, зрэшты, не вельмі клапаціла караля, які меў падтрымку ўласнага духавенства.

У 1218 годзе Альфонса заснаваў універсітэт у Саламанцы, найстарэйшы ў Іспаніі.

Грабніца Альфонса IX

У канцы жыцця кароль адправіўся ў Сант’яга-дэ-Кампастэла наведаць мошчы Святога Якава, якога вельмі шанаваў. Па дарозе адчуў сябе дрэнна і спыніўся ў Вільянуэва-дэ-Сарыя, дзе і памёр 23 ці 24 верасня 1230 года. Паводле тэстаменту, быў пахаваны ў саборы Сант’яга побач з бацькам.

Помнік Альфонсу IX у Баёне

Дзеці

Апроч дзяцей ад законных шлюбаў, Альфонса меў мноства пазашлюбных дзяцей, з якіх пэўна вядома толькі пра пятнаццаць. Адна з пазашлюбных дочак, Альдонса, была выдадзена замуж за рыцара Педра Понсэ дэ Кабрэра. У знак паходжання ад каралёў Леона іх нашчадкі прынялі прозвішча Понсэ дэ Леон.

Крыніцы

Зноскі

  1. 1 2 (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  2. 1 2 Lundy D. R. The Peerage
  3. The Decreta of Leon of 1188 - The oldest documentary manifestation of the European parliamentary system
  4. Shadis, 2009, p. 3

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Пахаваныя ў Іспаніі
Катэгорыя·Памерлі 23 верасня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Кастыліі і Леоне
Катэгорыя·Кіраўнікі Леона
Катэгорыя·Кіраўнікі Галісіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1230 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1171 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 жніўня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XII стагоддзя
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XIII стагоддзя
Катэгорыя·Бургундская дынастыя (Кастылія)