У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Жук (значэнні). Алесь Жук, Аляксандр Аляксандравіч Жук (1 красавіка 1947[1], в. Клешаў, Слуцкі раён — 15 кастрычніка 2022) — беларускі пісьменнік, публіцыст, перакладчык.
У 1965 годзе паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які скончыў у 1970 годзе. Працаваў рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», інструктарам ЦК КПБ, галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва» (1980—1986), сакратаром праўлення Саюза беларускіх пісьменнікаў (1986—1989), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» (1989—2007), галоўным рэдактарам часопісаў «Нёман» (1997—2003) і «Беларусь» (2003—2005).
Бацька журналіста Дзмітрыя Жука.
Выдаецца з сярэдзіны 1960-х, але пісаць пачаў у школьныя гады. Апавяданні «Сок манга», «Завулак», «Водсветы зорак», «Белы месяц», «Мужчыны», напісаныя ў студэнцкія гады, увайшлі ў яго першую кнігу «Асеннія халады» (1972). Гэта кніга вывела А. Жука ў перадавыя шэрагі беларускіх празаікаў, пра яго пачала пісаць усесаюзная крытыка. У 1970-1980-х з’явіліся арыгінальныя празаічныя зборнікі «Паляванне на старых азёрах» (1975), «Зоркі над палігонам» (1977, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978, зняты мастацкі фільм «Палігон» 1983), «Не забывай мяне» (1978), «Па саннай дарозе» (1979), «Паўстанак вяртання» (1981, Літаратурная прэмія імя І. Мележа 1982). У 1982 пабачыла свет кніга прозы «Паляванне на Апошняга Жураўля», па аднаіменнай аповесці ў тэатры імя Я. Купалы быў пастаўлены спектакль, а ў 1986 знята мастацкая кінастужка. У аповесці «Чорны павой» (1986) упершыню ў сваёй творчасці Алесь Жук звярнуўся да прыгодніцка-дэтэктыўнага жанру. Да самых значных твораў пісьменніка належыць аповесць «Праклятая любоў», што ўвайшла ў аднайменны зборнік (1991, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1992). З новых твораў А. Жука, напісаных у апошнія гады, вылучаюцца апавяданні «Душа над чыстым полем» і «Партызан», а таксама «Сны пра маму».
А. Жук адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў, творы якога вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, грунтуюцца на філасофскай і эстэтычнай аснове і з’яўляюцца роздумамі над жыццём, пісьменніка цікавіць прырода чалавечага шчасця, жыццёвыя праблемы і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, адносіны да працы, да прыроды.
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978), Літаратурнай прэміі Беларусі імя І. Мележа (1982) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1992) — за кнігу «Праклятая любоў».