wd wp Пошук:

Александрыйскі верш

Александры́йскі верш — верш з аб’яднаных папарна рыфмай вершаваных радкоў, напісаных шасцістопным ямбам з цэзурай пасля трэцяй стапы. Пры паўтарэнні ў творы некалькіх двухрадкоўяў александрыйскага верша абавязковым з’яўляецца чаргаванне мужчынскіх і жаночых рыфмаў. Узнік гэты верш у французскай паэзіі XI ст. Назву яго звязваюць з «Раманам пра Аляксандра Македонскага» (XII ст.), які напісаны такім вершам. У рускую паэзію александрыйскі верш увёў Васіль Традзьякоўскі (XVIII ст.). Асаблівае пашырэнне набыў у творчасці А. Пушкіна (больш за дзве тысячы вершаваных радкоў). У другой палове XIX ст. сустракаецца радзей, а ў XX ст. — зусім рэдка. Сярод беларускіх паэтаў да александрыйскага верша часта звяртаўся М. Багдановіч, ужываючы яго ў творах, стылізаваных пад старыну («Перапісчык», «Летапісец»), а таксама ў лірычных роздумах («У вёсцы»). Услед за ім і пад яго уплывам александрыйскі верш выкарыстоўваў Алесь Салавей («На чыстым аркушы», «Адзіноцтва», «Максім Багдановіч» і інш. — усяго 21 верш). У сучаснай беларускай лірыцы александрыйскі верш амаль забыты. Вось узор александрыйскага верша ў М. Багдановіча («Летапісец»):

Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах, Свой век канчае ён у манастырскіх мурах. Тут ціша, тут спакой, — ні шуму, ні клапот. Ён пільна летапіс чацвёрты піша год І спісвае усё ад слова і да слова З даўнейшых граматак пра долю Магілёва. І добрыя яго і кепскія дзяла Апавядае тут. Так рупная пчала Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак. І бачанаму ім — ён годны веры сведак. Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Строфіка
Катэгорыя·Цвёрдыя формы