Акадэмі́чны ле́тапіс — спіс Беларуска-літоўскага летапісу 1446 года, блізкі да Супраслеўскага летапісу.
У яго ўваходзяць скарочаны агульнарускі летапіс, Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—1446 гады і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». Ва ўрыўках збераглася частка гісторыі Маскоўскай Русі XIV — 3-й траціны XV стагоддзяў, які пачынаецца з 1339 года і ўключае падзеі да 1373 года, а таксама 1414—1418 гадоў і пасля 1427 года. Пачатковая частка з гісторыяй Кіеўскай Русі і «Аповесць пра Падолле» ў канцы рукапісу страчаныя. Як адзін з ранніх спісаў 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 года змяшчае месцамі памылкі. Уваходзіць у склад рукапіснага зборніка 1550-х гадоў, які захоўваецца ў бібліятэцы Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу. Выдадзены ў 17-м (1907) і 35-м (1980) тамах «Поўнага збору рускіх летапісаў»[1].