wd wp Пошук:

Адкрыты ліст

Адкрыты ліст на правядзенне палявых даследаванняў, выдадзены З. Даленгу-Хадакоўскаму 14 (26) снежня 1818 г.

Адкрыты ліст, дазвол1992 г.) — афіцыйны дакумент, які выдаецца навуковымі ўстановамі на права правядзення даследчыкамі археалагічных разведак і раскопак. Усе самавольныя аматарскія доследы, звязаныя з пашкоджаннем помнікаў, забаронены.

У Беларусі першы адкрыты ліст (грамату) атрымаў 14 снежня 1818 г. А. Чарноцкі. Напісаны ён на пергаменце на рускай, лацінскай і польскай мовах, падпісаны рэктарам Віленскага універсітэта С. Малеўскім; зберагаецца ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне. У Расійскай імперыі самавольныя раскопкі старажытных помнікаў былі забаронены царскім указам 1846. У СССР з 1971 г. дзейнічаў закон аб ахове помнікаў гісторыі і культуры.

У Беларусі ўсе археалагічныя помнікі — гарадзішчы, курганы, рэшткі архітэктурных і культавых збудаванняў, умацаванняў, каменныя выявы (ідалы, крыжы) і г.д. — складаюць гісторыка-культурную спадчыну краіны і з’яўляюцца ўсенародным багаццем, знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Гэтыя помнікі даследуюцца ўстановамі (навуковымі і навукова-рэстаўрацыйнымі, ВНУ, музеямі і дзяржаўнымі органамі, дзе ёсць спецыялісты-археолагі), якія атрымалі адкрыты ліст на права вядзення палявых работ. Адкрытыя лісты выдаюцца ІГ НАН Беларусі (пасля разгляду заяўкі, пададзенай не пазней як за 2 тыдні да пачатку работ) паводле інструкцыі, распрацаванай у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (2006), «Палажэннем аб ахове археалагічных аб’ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ» (прынята Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 мая 2002). Рэгіструюцца Упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Адмовіць выдаць адкрыты ліст могуць у тым выпадку, калі ён ужо выдадзены іншай асобе альбо прэтэндэнт на атрыманне дакумента не мае адпаведнай навуковай кваліфікацыі. У адкрытым лісце ўказваецца пасада, месца працы, прозвішча даследчыка, назва адміністрацыйнага пункта і аб’екта, дзе вядуцца археалагічныя работы, віды работ (раскопкі, шурфоўка, назіранне, разведачнае даследаванне). Перадавяраць права работ іншай асобе забараняецца. У залежнасці ад характару даследаванняў выдаюць адкрытыя лісты 4 форм: формы 1 — на права выканання раскопак і разведак; формы 2 — на права вядзення разведак з абмежаваным (да 24 м на помніку) ускрыццём невялікіх участкаў паселішчаў і грунтавых могільнікаў; формы 3 — на права правядзення разведак без якіх-небудзь земляных работ; формы 4 — на права ахоўных даследаванняў (назіранне і тэрміновыя раскопкі) помнікаў, якія знаходзяцца ў аварыйным стане ці ў зоне будаўнічых работ. Пасля завяршэння палявых работ і камеральнай апрацоўкі рэчавых матэрыялаў даследчык абавязаны падрыхтаваць навуковую справаздачу па выніках палявых даследаванняў і прадставіць яе ў ІГ НАН Беларусі; ён нясе персанальную адказнасць за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, фіксацыю і захаванне знаходак у адпаведнасці з палявым вопісам да іх перадачы на пастаяннае захоўванне ў музей ці навуковыя археалагічныя фонды IГ НАН Беларусі.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Археалогія
Катэгорыя·Археалогія ў Беларусі