Авуля́рыя[1] (Ovularia) — род недасканалых грыбоў сямейства Mycosphaerellaceae.
Паразіты. Развіваюцца на лісці, радзей сцяблах, выклікаюць плямістасць раслін.
Міцэлій грыбоў бясколерны, разгалінаваны, шматклетачны, унутры субстрату. Канідыяльны налёт парошысты, белы, ружаваты, шараваты. Канідыяносцы прамыя або каленчата-звілістыя, вузлаватыя, аднаклетачныя ці з нямногімі перагародкамі, бясколерныя аба з жаўтавата-зеленаватым адценнем, у пучках ці адзіночныя. Канідыі рознай формы, адзіночныя, зрэдку ў ланцужках.
Вядома каля 130 відаў, пашыраных пераважна ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы. На тэрыторыі Беларусі 5 відаў; паразітуюць на шчаўі, злаках, казяльцовых, ружавых.