wd wp Пошук:

Абарона лініі XYZ

Абарона лініі XYZ — абарона рэспубліканскімі войскамі сістэмы ўмацаванняў, пабудаваных падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі для абароны другой сталіцы Іспанскай рэспублікі Валенсіі.

Планы і сілы бакоў

У пачатку лета 1938 года план франкісцкага Генеральнага штаба складаўся ў тым, каб замацаваць фронт на лініі СегорбэСагунта, а затым наступаць на Валенсію. Для гэтай мэты быў сфарміраваны Армейскі корпус Турыя пад камандаваннем Хасэ Сальчагі. Тры дывізіі італьянскага экспедыцыйнага корпуса, а таксама магутная авіяцыя былі атрыманы ў якасці падмацавання.

5 ліпеня Франсіска Франка, засяродзіўшы некалькі сотняў артылерыйскіх гармат і 400 самалётаў, пачаў буйное наступленне з мэтай прарвацца да Валенсіі. Ім супрацьстаялі 6 карпусоў рэспубліканцаў. Пасля першапачатковага супраціву рэспубліканская лінія абароны павалілася, і дывізіі мяцежнікаў рушылі ў прарыў. За пяць дзён наварская і італьянская пяхота прасунулася прыкладна на 95 кіламетраў на фронце шырынёй 30 кіламетраў.

Адзіная перашкода, якая заставалася пераадолець, — умацаванні, пабудаваныя перад горадам Вівер, вядомыя як лінія XYZ. Яны былі геніяльна задуманы і абараняліся падраздзяленнямі пад камандаваннем двух афіцэраў, якія ўжо набылі вялікі аўтарытэт у абароне Мадрыда: Карласам Рамэра і Эрнэста Гуэмесам. Лінія XYZ пачыналася ад Сьера-дэ-Хаваламбрэ, праходзіла праз Сьера-дэль-Тора да горада Альменара, на беразе мора. Яе цэнтр знаходзіўся ў горадзе Вівер. На лініі былі пабудаваны траншэі і бункеры, здольныя супрацьстаяць 500-кілаграмовым бомбам, і іх абарона абапіралася на перасечаную гарыстую мясцовасць, на якой было вельмі цяжка атакаваць. Франкісты не падазравалі пра ўмацаваную рэспубліканскай абароны ў гэтым раёне.

Баі на лініі

Паспяховае наступленне нацыяналістаў спынілася. Мяцежнікі пачалі лабавыя атакі хвалямі пяхоты, але гэта аказалася бескарысным. Атакі адлюстроўваліся крыжаваным агнём з кулямётаў, замаскіраваных ў няроўнай мясцовасці. Паўстанцы пачалі артылерыйскі абстрэл і бамбардзіроўкі з паветра, але іх авіяцыі не атрымалася вывесці з ладу рэспубліканскую абарону ў гарыстай мясцовасці. Траншэі мелі эфектыўную сістэму сувязі паміж сабой, што дазваляла абаронцам нейтралізаваць наступленне праціўніка.

Войскі франкістаў мелі колькасную перавагу ў артылерыі, але нанясенне артудараў па пазіцыях праціўніка на працягу трох дзён, з 20 ліпеня, і пастаянныя атакі сіламі пяхоты не парушылі парадак абароны рэспубліканцаў і былі адлюстраваны.

З 24 ліпеня атакі сталі нязначнымі і практычна зніклі. Паступілі звесткі, што рэспубліканскія войскі перайшлі Эбра, таму нацыяналісты прыпынілі ўсе свае аперацыі на гэтым участку і адвялі свае восем дывізій разам з цяжкай артылерыяй. Іх войскі, якія панеслі значныя страты (каля 20 000 забітымі і параненымі), былі затрыманы прыкладна ў 40 кіламетрах ад Валенсіі.

Вынікі

Абарона лініі XYZ стала больш значнай перамогай для Рэспублікі, чым нават Гвадалахарская аперацыя. Хоць нацыяналісты і занялі правінцыю Кастэльён, але не змаглі ўзяць Валенсію і панеслі цяжкія страты. У рэспубліканскай арміі быў час рэарганізоўвацца і спланаваць наступленне праз раку Эбра. Акрамя таго, рэспубліканскія войскі ў Каталоніі паспелі пераўзброіцца.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Ліпень 1938 года
Катэгорыя·Бітвы ў Іспаніі
Катэгорыя·Бітвы і аперацыі грамадзянскай вайны ў Іспаніі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·1938 год у Іспаніі
Катэгорыя·Канфлікты 1938 года