У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мінін. Яфі́м Сямёнавіч Мі́нін (8 кастрычніка 1894 або 21 кастрычніка 1897, Віцебск — 29 снежня 1937[1], Віцебск, НКУС) — беларускі мастак.
Вучыўся ў Політэхнічным інстытуце ў Петраградзе (1916—1918), потым у Школе жывапісу і малюнка Іегуды Пэна ў Віцебску. Выкладаў у Віцебскім мастацкім вучылішчы (1920—1937).
Займаўся гравюрай, жывапісам, ілюстраваў кнігі.
У 1933 годзе ў часопісе «Мастацтва і рэвалюцыя» і іншых выданнях з’явіўся артыкул «Аб рэцыдывах нацыянал-дэмакратызму ў творчасці мастака Мініна[2]» аўтарства Віталя Зэйдэль-Вольскага. У тэксце даводзілася, што Мінін займаецца класавым шкодніцтвам.
Віталь Зэйдэль-Вольскі пісаў: “Экслібрыс, зроблены для Шлюбскага, характэрны сваім голым этнографізмам. У цэнтры яго знаходзіцца курган. З левага боку кургана сядзіць стары селянін і грае на цымбалах. На кургане сядзіць таксама стары і грае ў дуду. Побач з ім яшчэ адзін стары ў саламяным капялюшы стаіць і грае на трубе. Нацдэм Шлюбскі з задавальненнем знаходзіў у гэтых экслібрысах работы Мініна яскравыя адбіткі беларускага «нацыянальнага адраджэння»”.
Арыштаваны 1.11.1937 г. у Віцебску па адрасе: вул. 1-я Ветэрынарная, д. 34. Асуджаны 19.11.1937 асобай нарадай пры НКВД СССР як «член ПАВ» да ВМП. Расстраляны ў Віцебску. Рэабілітаваны ваенным трыбуналам БВА 19.5.1958. Групавая справа М. і іншых № 4105-П захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобласці.
Творы захоўваюцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску, ДМВМ у Маскве. Экслібрысы Мініна экспанаваліся на выстаўцы Міжнароднага таварыства кніжнага знака (1928, Лос-Анджэлес).