wd wp Пошук:

Янка Сіпакоў

Янка (Іван Данілавіч) Сіпакоў (15 студзеня 1936, в. Зубрэвічы, Аршанскі раён Віцебскай вобласці — 10 сакавіка 2011, Мінск) — беларускі пісьменнік, перакладчык.

Біяграфія

На Першамайскай дэманстрацыі. Янка Сіпакоў, Іван Навуменка, Ніна Маеўская, Барыс Сачанка, Юрась Свірка. 1958 год.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і 15 студзеня 1936 года. Падчас Вялікай Айчыннай вайны бацькоў за сувязь з партызанамі закатавалі фашысты. Вучыўся ў Зубрэвіцкай сярэдняй школе і адначасова працаваў паштальёнам. Пасля дзесяцігодкі некаторы час (1954—1955) быў літаратурным супрацоўнікам шклоўскай раённай газеты «Чырвоны барацьбіт». У 1960 скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у часопісе «Вожык» (1960—1973). З 1973 — загадчык аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі, з 1989 — адказны сакратар часопіса «Маладосць». 3 1993 загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». 3 1997 працаваў у часопісе «Беларусь».

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1961. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу паэзіі «Веча славянскіх балад». Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (1997).

Памёр 10 сакавіка 2011 года ў Мінску.

Творчасць

Творчую дзейнасць Янка Сіпакоў пачаў як паэт. Свой першы верш надрукаваў у 1953 у аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў», а ў 1960 выйшаў яго першы паэтычны зборнік «Сонечны дождж». У ім шмат святла і сонца, шчырасці і дабрыні, юнацкай усхваляванасці і болю аб незабыўным, перажытым. Потым былі іншыя зборнікі: «Лірычны вырай» (1965), «Дзень» (1968), «З вясны ў лета» (1972), «Веча славянскіх балад» (1973), «У поўдзень, да вады» (1976). Лепшае з іх склала кнігу выбранай паэзіі «Вочы ў вочы» (1978), у якой паэт «вочы ў вочы» гаворыць з Радзімай і часам, з мінулым і сённяшнім днём, з роднай зямлёй і прыродай, з каханай і сябрамі. Лірыка Я. Сіпакова вызначаецца душэўнасцю, яна глыбока засяроджана на ўнутраным духоўным свеце чалавека. Адну з самых лірычных форм паэзіі — санет — паэт выкарыстаў для стварэння цыкла «Жанчына». Тэмы адказнасці чалавека за будучае планеты, чысціні і прыгажосці чалавечых узаемаадносін знайшлі адлюстраванне ў гэтым вянку санетаў. Аўтар кнігі паэзіі «Усміхніся мне» (1984). Скіраванасцю да трагедый веку — землетрасення ў Арменіі і чарнобыльскай катастрофы — вызначаецца кніга паэм у прозе «Ахвярны двор» (1991).

Як празаік Янка Сіпакоў пачаў сваю творчасць з нарысаў «Акно, расчыненае ў зіму», «Па зялёную маланку», «Там, дзе Сібір», «Даверлівая зямля». У 1971 яны склалі асобную кнігу «Па зялёную маланку». Пасля былі кнігі прозы «Крыло цішыні», якая мела падзагаловак «Кніга вёскі» (1976), «Жанчына сярод мужчын» (1980), «Усе мы з хат» (1982), «Спадзяванне на радасць» (1983), «Пяць струн» (1984), «Сад людзей» (1985), «Журба ў стылі рэтра» (1990).

Склаў кнігу прытчаў «Тыя, што ідуць» (1993). Прытчы Янкі Сіпакова вызначаюцца не дыдактызмам і празмернай павучальнасцю, што звычайна ўласціва гэтаму жанру, а глыбокай філасофскай насычанасцю. Яны сімвалічны па сваёй сутнасці.

Янка Сіпакоў — таксама аўтар фантастычна-прыгодніцкай аповесці «Блуканне па іншасвеце» (1994), цыклаў мініяцюр, гістарычных апавяданняў, зборнікаў гумарэсак «Лысы юбілей» (1965), «Плюс на мінус» (1973), «Ланцугі для мух» (1980), «Пятніца ў суботу» (1988).

Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1985).

Пераклаў на беларускую мову кнігі паэзіі — «Лісце травы» У. Уітмена (1978), «Турэмны дзённік» Хо Шы Міна (1985), «Санеты бяды» Ф. Прэшарна (1987), «Боскую камедыю» Дантэ Аліг’еры, паасобныя творы А. С. Пушкіна, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, А. Блока, А. Туманяна, А. Цэрэтэлі, С. Квазімоды, Д. Максімовіч, І. Межэлайціса, І. Сарайліча, Р. Гамзатава, Д. Паўлычкі, А. Сійга, Ю. Марцінкявічуса, Г. Эміна, А. Малдоніса, А. Салакауры, К. Чукоўскага, урыўкі з «Калевалы» і інш.

Выбраная бібліяграфія

Экранізацыі

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (29):
Памерлі ў 2011 годзе
Заслужаныя дзеячы культуры Рэспублікі Беларусь
Перакладчыкі Беларусі
Выпускнікі БДУ
Перакладчыкі з украінскай мовы
Пахаваныя на Каладзішчанскіх могілках
Нарадзіліся ў Аршанскім раёне
Перакладчыкі з англійскай мовы
Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Артыкулы пра пісьменнікаў без партрэтаў
Беларускамоўныя пісьменнікі
Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
Паэты Беларусі
Пісьменнікі Беларусі
Нарадзіліся ў 1936 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Члены Саюза пісьменнікаў СССР
Перакладчыкі з польскай мовы
Асобы
Перакладчыкі з рускай мовы
Перакладчыкі з італьянскай мовы
Нарадзіліся 15 студзеня
Перакладчыкі з грузінскай мовы
Памерлі 10 сакавіка
Паэты паводле алфавіта
Памерлі ў Мінску
Пісьменнікі паводле алфавіта
Перакладчыкі з армянскай мовы