wd wp Пошук:

Працяжнік

Працяжнікзнак прыпынку, які ўжываецца ў шматлікіх мовах.

Выкарыстанне ў беларускай мове

Працяжнік ставіцца

  1. памiж дзейнiкам i выказнiкам:
    1. калi абодва галоўныя члены сказа выражаны назоўнiкам у назоўным склоне i пры выказнiку адсутнiчае дзеяслоў-звязка (Мінск — сталiца Рэспублікі Беларусь);
    2. калi абодва галоўныя члены цi адзiн з iх выражаны неазначальнай формай дзеяслова (Хату зрабiць — не скрынку збiць (прыказка));
    3. калi перад выказнiкам ёсць словы гэта, вось, значыць, гэта значыць, гэта ёсць (Iгнараваць мову — гэта значыць iгнараваць народ, нацыю (П.Пестрак));
    4. калi дзейнiк i выказнiк выражаны лiчэбнiкамi або адзiн з iх выражаны назоўнiкам у назоўным склоне, а другi — лiчэбнiкам цi колькасна-iменным спалучэннем (Чатыры i два — шэсць альбо Плошча Гродна — сто сорак два квадратныя кiламетры);
    5. калi выказнiкам выступае ўсечаная форма дзеяслова, выклiчнiк або гукапераймальнае слова (Я — хоп за павады! Конь спужаўся, а я — скок на яго (Я.Колас));
  2. перад абагульняльным словам пасля аднародных членаў (I двор, i дарога, i лес — усё было занесена белым снегам (I.Пташнiкаў));
  3. калi пасля аднародных членаў перад абагульняльным словам ужыта пабочнае слова або спалучэнне слоў словам, адным словам, карацей кажучы, то працяжнiк ставiцца перад пабочным словам, а пасля яго — коска (Начны лес, цiхi, ледзь улоўны гул маразявых сосен, цiшыня лясных нетраў — адным словам, усё настройвала на роздум (М.Зарэцкi));
  4. калi аднародныя члены сказа стаяць у сярэдзiне сказа пасля абагульняльнага слова, то перад iмi ставiцца двукроп’е, а працяжнiк — пасля iх (Хутка ўсё: неба, i дарога, i чэзлыя балотныя хмызнякi — патанула ў снежнай завiрусе (Я.Колас));
  5. памiж аднароднымi членамi сказа, калi прапушчаны супрацiўны злучнiк (Не плача — смяецца шчаслiвая мацi (М.Багдановiч));
  6. перад злучнiкам i памiж двума членамi сказа, калi другi з iх выражае вынiк, хуткую змену падзей, нечаканасць (А ўбачыў Машу — i адразу падабрэў (I.Шамякiн));
  7. калi злучнiк i звязвае два аднародныя выказнiкi, з якiх другi выражаны ўсечанай формай дзеяслова, то памiж iмi заўсёды ставiцца працяжнiк — перад злучнiкам або пасля яго (Пахiснулася хвоя — i бразь на зямлю (Я.Колас));
  8. перад недапасаваным азначэннем, выражаным неазначальнай формай дзеяслова цi спалучэннем з гэтай формай (Усiх непакоiла адна думка — выстаяць (М.Лынькоў));
  9. перад неразвiтым або развiтым прыдаткам, якi стаiць у канцы сказа:
    1. калi ў прыдатку тлумачыцца, удакладняецца змест азначаемага назоўнiка i перад iм без змянення сэнсу можна ўставiць словы менавіта, а менавіта (Пацягнуўся лес сцяною — ельнiк, дуб i хваiна (Я.Колас));
    2. калi прыдатак адносiцца да займеннiка (Вось яна — дзявочая пекната (I.Шамякiн));
    3. калi неабходна падкрэслiць адценне самастойнасцi прыдатка (Андрэй сядзеў, апёршыся на край стала, i дапытлiва пазiраў на людзей — на моладзь i старых (П.Пестрак));
  10. у няпоўных складаных сказах на месцы прапушчанага члена сказа (З аднаго боку дарогi стаяў рэдкi хвойнiк, а з другога — кусты ядлоўцу, а далей — алешнiк (Я.Колас));
  11. калi ўстаўная канструкцыя знаходзiцца памiж часткамi, дзе павiнна ставiцца коска, або ў канцы самой устаўной канструкцыi ёсць гэты знак прыпынку, то коска спалучаецца з працяжнiкам i ставiцца перад другiм працяжнiкам (Каб дабрацца да надзелу цёткi Насцi — так завуць жонку бацькавага брата, — трэба прайсцi каля будкi, у якой яшчэ нядаўна яны жылi… (I.Навуменка));
  12. памiж часткамi складаназлучанага сказа, калi ў другой частцы падкрэслiваецца вынiк у адносiнах да першай, калi перадаецца нечаканасць, хуткая змена падзей або супрацьпастаўленне (Пытаўся, шукаў — i нi слыху ў адказ, нi следу нiдзе, нi далёкага рэха (П.Панчанка));
  13. у бяззлучнiкавых сказах памiж часткамi:
    1. калi ў першай частцы ўказваецца на ўмову або час дзеяння, пра якое паведамляецца ў другой частцы (Запяеш па душы, дасi ўцехi гасцям — поўны гуслi насыплю дукатаў (Я.Купала));
    2. калi ў другой частцы паказваецца вынiк або робiцца вывад з таго, пра што паведамляецца ў першай частцы (Ранак луг расой купае — дзень гарачы будзе (А.Бачыла));
    3. калi змест частак супрацьпастаўляецца цi супастаўляецца (Мацi будзiла снедаць — ён не ўстаў (I.Навуменка));
    4. калi ў сказе гаворыцца пра хуткую змену падзей або ў другой частцы паказваецца неадпаведнасць, нечаканы вынiк таго, пра што паведамляецца ў першай частцы (Блiснула маланка — стала вiдна як удзень (С.Грахоўскi));
    5. калi апошняя частка з’яўляецца абагульняльнай у адносiнах да папярэднiх (Дол засланы шышкамi, цвiце сунiчнiк, бруснiчнiк, перагукваюцца птушкi, звiняць камары — усё тут знаёмае… (I.Навуменка));
    6. калi другая частка з’яўляецца далучальным сказам (Андрэй быў у добрым гуморы — гэта адразу кiдалася ў вочы (М.Зарэцкi));
    7. калi другая частка з’яўляецца параўнаннем у адносiнах да першай (Слова сказаў — сякераю адсек (прыказка));
  14. ставiцца памiж двума словамi, якiя абазначаюць прасторавыя, часавыя або колькасныя межы (гэтыя словы замяняюць словазлучэннi з прыназоўнiкамi ад (з)… да (цягнік Мінск — Брэст);
  15. ставiцца памiж двума цi некалькiмi найменнямi ў назвах вучэнняў, законаў, падзей i iнш (закон Бойля-Марыёта ці хакейны матч Беларусь — Швецыя).

Працяжнік не ставіцца

  1. калi выказнiк, выражаны ўсечанай формай дзеяслова, iнтанацыйна не выдзяляецца (Я тым часам шмыг за дзверы (З.Бядуля));
  2. памiж дзейнiкам i выказнiкам, выражанымi назоўнiкам або назоўнiкам i займеннiкам цi прыметнiкам:
    1. калi памiж галоўнымi членамi сказа стаiць прыслоўе або часцiца (А мой бацька таксама партызан (I.Шамякiн));
    2. калi памiж галоўнымi членамi сказа стаiць пабочнае слова цi адасоблены член сказа (акрамя прыдатка) (Хлопец, апрануты ў салдацкi шынель, наш зямляк (К.Чорны));
    3. калi дзейнiк стаiць пасля выказнiка (Страшэнны штукар i свавольнiк гэты Нёман (Я.Колас));
    4. калi перад выказнiкам ёсць адмоўе не (Сам сабе чалавек не вораг (прыказка);
    5. калi пры выказнiку ўжываюцца параўнальныя злучнiкi як, усё роўна як, быццам, быццам бы, бы, нiбы, што (лес стаяў як сцяна);
    6. калi дзейнiк выражаны асабовым займеннiкам, а выказнiк — назоўнiкам у назоўным склоне (Пасiвелы мой лес, я твой вечны паклоннiк, я твой вечны даўжнiк (Я.Сiпакоў));
    7. калi дзейнiк выражаны назоўнiкам, а выказнiк — прыметнiкам (У познюю восень вада пад мастком чыстая i халодная (К.Чорны)).

Працяжнік можа ставіцца

  1. пры сэнсава-iнтанацыйным выдзяленнi:
    1. выказнiка (Рак — не рыба, кажан — не птушка (прыказка).
    2. двух цi больш дапасаваных азначэнняў, што стаяць звычайна ў канцы сказа (Сонца зайшло, i пачалося змярканне — цiхае, свежае, з расой i камарамi (Я.Брыль));
    3. прыдатка або групы аднародных прыдаткаў, якiя стаяць у сярэдзiне сказа пасля азначаемага назоўнiка, калi неабходна падкрэслiць самастойнасць прыдаткаў (Начны драпежнiк — сава — бясшумна плыве ў паветры (В.Вольскi));
    4. даданых членаў сказа, якiя знаходзяцца ў канцы сказа (Каля школы шчабяталi дзецi - звонка, радасна (Я.Колас));
    5. даданай часткi складаназалежнага сказа, якая можа знаходзiцца перад галоўнай часткай або пасля яе (Тады магутная краiна — калi пявучы ў ёй народ (Я.Янiшчыц));
  2. у няпоўных простых сказах на месцы прапушчанага члена сказа (Па суседству з Белым возерам знаходзiцца другое — Чорнае (В.Вольскi));
  3. у сказе, каб пазбегнуць двухсэнсоўнасцi выказвання (Ты што — забыўся? Параўн.: Ты што` забыўся?);
  4. для выдзялення ўстаўных канструкцый (Алеся — ёй было ўжо каля дзесяцi гадкоў — сядзела за праснiчкаю (Я.Колас)).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Знакі прыпынку