wd wp Пошук:

Каласы пад сярпом тваім

Каласы пад сярпом тваім — гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча.

Адзін з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў. У гэтай кнізе, якую многія называюць галоўнай у творчасці пісьменніка, узноўлена шырокая панарама жыцця народа, перададзена атмасфера ў грамадстве напярэдадні паўстання. Падзеі рамана адбываюцца пераважна ў 18501861 гадах, тым не менш пісьменніку ўдалося пры дапамозе ўласных разважанняў і выказванняў герояў ахапіць у ім падзеі амаль цэлага стагоддзя і ў цэлым асэнсаваць лёс Беларусі ў гістарычным кантэксце. Аўтару ўдалося адзначыць прычыны паўстання і яго асаблівасці. Караткевіч паказаў, што яно мела нацыянальна-вызваленчы характар[1].

Гісторыя твору

Упершыню надрукаваны ў часопісе «Полымя» ў 1965 годзе ў № 2–6. Асобным выданнем — у 1968 годзе ў Мінску.

Паводле задумы раман меў змяшчаць 3 часткі: «Усход (Сяйва дня)», «Брань» і «Вараннё (Галгофа)». У першай частцы аўтар збіраўся паказаць пярэдадне паўстання 1863–1864 гадоў, у другой — само паўстанне, а ў трэцяй — яго разгром. Але першая кніга была выдана пад назваю «Выйсце Крыніц» і пры выданні падзелена на дзве.

Мае прысвячэнне «Маёй маці. Кожнай беларускай маці, — прысвячаю» і біблейскі эпіграф з Матфея. З другой кнігі было напісана толькі 2 раздзелы, якія пры жыцці пісьменніка не друкаваліся. Упершыню — у часопісе «Полымя», 1989, № 1. Другая кніга мае эпіграф з паслання Св. Паўла да эфесцаў. Пісьменнік збіраўся скончыць твор, пра што сведчаць дзённікавыя запісы.

Мастацкія асаблівасці

Раман апісвае станаўленне беларускай нацыі, малюючы тры пакаленні шляхецкай сям’і Загорскіх. Галоўным героем з’яўляецца Алесь Загорскі, чыё станаўленне і развіццё малюецца ад 14 да 20 гадоў. Таксама апісаны высакародныя сем’і Раўбічаў і Клейнаў, памешчыкі Кроер, Таркайлы і іншыя, сялянская сям’я Кагутоў, паўстанцы Чорны Война і Корчак, сябры Алеся з Віленскай гімназіі і Пецярбургскага ўніверсітэта: Кастусь і Віктар Каліноўскія, Усяслаў Грыма, Мсціслаў Маеўскі ды іншыя. З гістарычных персанажаў прысутнічаюць, акрамя Кастуся Каліноўскага, Ізмаіл Сразнеўскі, Тарас Шаўчэнка, Пётр Валуеў, з падзей: дзейнасць «Агула», адмена прыгоннага права і іншыя.

Раман змяшчае апісанні беларускіх абрадаў, звычаяў, шмат фальклорнага матэрыялу, у прыватнасці легенда аб белым жарабяці становіцца сімвалічным лейтматывам твора.

Матэрыял прадстаўлены ў храналагічнай паслядоўнасці з нешматлікімі часовымі зваротамі (успамінамі герояў ці гісторыямі іх жыцця). Таксама ў кампазіцыі рамана прысутнічаюць тры фрагменты мэтанаратыўнага характару і вершы, якія складае галоўны герой.

Пераклады

Раман «Каласы пад сярпом тваім» неаднаразова перакладаўся на ўкраінскую і рускую мовы.[2]

Пераклады на ўкраінскую

Цікавы факт

Раман «Каласы пад сярпом тваім» — адзіная кніга, якая была надрукаваная ў Беларусі шрыфтам Брайля.[3]

Зноскі

  1. Макарэвіч, Яфімава, 2008, с. 478—179
  2. Т. Добко, Ю. Левченко. Твори Володимира Короткевича у фондах Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського
  3. Где в Гродно читают руками? // «Гродзенская праўда», 26.10.2011(недаступная спасылка) (руск.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Кнігі 1968 года
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Творы Уладзіміра Караткевіча
Літаратурныя творы паводле алфавіта
Літаратурныя творы на беларускай мове
Беларускія гістарычныя раманы