wd wp Пошук:

Галава фаўна

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Галава.

Чэзарэ Дзочы. Копія статуі Эміліа Дзочы «Юны Мікеланджэла высякае „Галаву фаўна“»

«Галава фаўна» (італ.: Testa di fauno) — страчаная мармуровая скульптура Мікеланджэла, створаная ім каля 1488 —1489[а] гг.

Звесткі пра твор

Па сведчаннях Вазары, гэтая скульптура была створана Мікеланджэла ў Садзе скульптур Медычы, як копія антычнай галавы «старога маршчыністага фаўна, які смяецца, з кірпатым носам»[б][1]. Мікеланджэла трохі перарабіў выраз твару фаўна — рот адлюстраваў цалкам адкрытым, так што відаць было і язык, і ўсе зубы[2]. Ларэнца Цудоўны, убачыўшы гэты твор, пахваліў яго (хлопцу тады было 13 ці 14 гадоў), але зрабіў заўвагу, што ў старых не могуць быць цэлымі ўсе зубы. Мікеланджэла зламаў Фаўну адзін зуб і зрабіў у дзёснах ямку[2]. І Вазары і Кандзіві згодныя з тым, што менавіта гэтая гісторыя дапамагла хлопцу атрымаць прыхільнасць Ларэнца Медычы[3].

Уільям Уолес лічыць, што на момант стварэння гэтай статуі Мікеланджэла было ўжо 15 гадоў, а значыць ён ужо быў адносна дарослым, і гэтая гісторыя больш нагадвае прыгожую легенду[4]. Эрыка Шыльяна лічыць, што і само існаванне скульптуры ўяўляецца сумніўным — ніякіх сведчанняў пра яе, акрамя аповяду самога Мікеланджэла сваім біёграфам (Кандзіві і Вазары), не захавалася[5].

Мармуровая маска «Фаўн, які смяецца» у галерэі Барджэла лічыцца «страчанай» скульптурай Мікеланджэла. Яна не зусім адпавядае апісанню Вазары і Кандзіві, бо ў роце ёсць толькі два зуба, якія больш нагадваюць іклы, а паміж імі высоўваецца язык, але канчатковага адказу аб аўтарстве яшчэ няма[3].

Вобраз у мастацтве

Эміліа Дзочы стварыў мармуровую статую «Юны Мікеланджэла высякае “Галаву фаўна”» (1861). Статуя зараз захоўваецца ў Палацца Піцці. Існуюць вядомыя копіі статуі, створаныя Чэзарэ Дзочы, Генры Вулфам і іншымі.

У біяграфічным рамане Карэла Шульца «Камень і боль» гэтыму першаму скульптурнаму твору мастака прысвечаны раздзел «Фаўна смех»[6]:

(…) Мікеланджэла схапіў разец і на вачах у князя і Паліцыяна моцна ўдарыў па вуснах фаўна. Паміж імі зазяяла дзірка. Стары паўбог пазбавіўся некалькіх зубоў… Ён больш не насміхаўся перад тым, як угрызціся зубамі ў мяса. На свет глядзеў як стары чалавек…

Заўвагі

а. ^ Паводле Фрыца Эрпеля — каля 1490 —1492 гг.[7] б. ^ Арыгінал не захаваўся і яго апісанне вядома толькі са слоў Вазары і Кандзіві

Спасылкі

  1. Вазарі, 1970, с. 302
  2. 1 2 Микеланджело. Поэзия. Письма, 1983, с. 136
  3. 1 2 Symonds, 1893, с. 14
  4. Wallace, 2010, с. 9
  5. Scigliano, 2005, с. 41
  6. Шульц, 2006, с. 158
  7. Эрпель, 1990, с. 13

Крыніцы

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Скульптуры паводле алфавіта
Катэгорыя·Скульптуры Мікеланджэла
Катэгорыя·Артыкулы з дубліраванымі параметрамі шаблонаў
Катэгорыя·З’явіліся ў 1488 годзе