wd wp Пошук:

Вялікае грамадства

Вялікае грамадства (англ. - Great Society) уяўляе сабой шэраг сацыяльных, эканкамічных і палітычных праграм прэзідэнта ЗША Л. Джонсана 1964-65 гг., часткова працягнутых і пашыраных падчас прэзідэнцтва Р. Ніксана і Дж. Форда.

Узнікненне тэрміна

7 мая 1964 г. ў адным з сваіх публічных выступленняў Ліндан Джонсан заявіў: “…мы пабудуем Вялікае грамадства. Гэта грамадства, дзе ні адно дзіця не будзе галодным, ні адзін малады чалавек не будзе неадукаваным[1].” Пазней ён паўтарыў гэты выраз падчас выступлення ў Мічыганскім універсітэце 22 мая 1964 г.

Асноўныя праграмы

Сярод асноўных праграм прынятых падчас прэзідэнцтва Л.Джонсана ў рамках курсу на пабудову Вялікага грамадства былі Закон аб грамадзянскіх правах (1964), які забараняў расавую дыскрымінацыю, Закон аб выбарчых правах (1965), сацыяльныя праграмы “Вэлфэр” “Медыкэр” і Медыкэйд" (якія дзейнічаюць па сённяшні дзень), праграммы развіцця гарадоў і вёсак і некаторыя законы аб ахове навакольнага асяроддзя.

Барацьба з расавай дыскрымінацыяй

Закон аб грамадзянскіх правах быў адказам на праблему расавых канфліктаў у Злучаных Штатах. У выніку палітыкі расавай сегрэгацыі ў паўднёвых штатах, цёмнаскурае насельніцтва мела праблемы з атрыманнем аднолькавага з белымі грамадзянамі ўзроўню адукацыі, сацыяльнага і медыцынскага абслугоўвання. Закон забараняў адмову ў працаўладкаванні на падставе колеру скуры і раздзяленне грамадскага транспарту і іншых элементаў грамадскага карыстання для “чорных” і “белых”[2]. Закон аб выбарчых правах адмяніў цэнз непісьменнасці і пэўныя іншыя абмежаванні, якія заміналі часцы цёмнаскурага насельніцтва Поўдня ЗША ўдзельнічаць у выбарах. Таксама быў прыняты Закон аб іміграцыі і нацыянальнасці (1965 г.), які адмяняў нацыянальныя квоты для іміграцыі ў ЗША.

Сацыяльна-эканамічныя законы

Згодна закону аб эканамічных магчымасцях (1964 г.) былі распрацаваны некаторыя праграмы барацьбы з беднасцю. Сярод іх праграма дапамогі маладым людзям з бедных гарадскіх навучыцца практычным спецыяльнасцям у спецыяльных дабраахвотных аб’яднаннях Job Corps. Іншыя праграмы былі накіраваны на развіццё гарадской і сельскай інфраструктуры.

Закон аб сацыяльнай бяспеке і папраўкі да яго [3] (1965-67 г.) паклаў пачатак праграме медыцынскага страхавання “Медыкэр” і сістэме медыцынскай дапамогі “Медыкэйд” і даў развіццё праграме пенсіённага забяспячэння пажылых і інвалідаў “Вэлфэр”.

Закон аб дзіцячым харчаванні 1966 г. даў пачатак праграме школьных сняданкаў і абедаў для дзяцей[4].

На адукацыю бедных з федэральнага бюджэта выдзяляліся значныя грошы. Так з 1964 па 1967 гг. расходы на адукацыю павялічыліся з 4 да 12 млрд дол., а ў сярэднім на адну бедную сям’ю з федэральнага бюджэта ішло 4000 долараў штогод[5].

Экалагічныя законы і ахова здароўя грамадства

У 1960-х гг. былі прыняты некаторыя законы аб абароне навакольнага асяроддзя: Закон аб дзікай прыродзе (1964 г.), Закон аб якасці вады (1965 г.), Закон аб утылізацыі цвёрдага смецця (1965 г.), Закон аб кантроле забруджвання паветра маторнымі транспартнымі сродкамі (1965 г.) і інш. Таксама былі ўведзены федэральныя стандарты якасці на пэўныя тавары, а цыгарэты пачалі маркіраваць папярэджаннямі аб небяспецы курэння.

Спасылкі

Зноскі

  1. President Johnson’s speech at Ohio University, May 7, 1964//The American Presidency Project
  2. Civil Rights Act of 1964//finduslaw.com
  3. Social Security Act Amendments//ourdocuments.gov
  4. Child Nutrition Act of 1966 Архівавана 25 сакавіка 2016.//USDA Food & Nutrition Service
  5. LBJ: Archtitect of American Ambition by Randall B. Woods
Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Гісторыя ЗША