wd wp Пошук:

Вужыны Цар

Дзяўчына, якая была вымушана выйсці замуж за Вужынага Караля. Асколкі гэтага старажытнага міфа захаваліся ў беларускіх і літоўскіх народных казках. Карціна беларускага мастака.

Вужыны Цар (Царь-вуж, Вужыны Кароль, Кароль Вужоў) — у беларускай міфалогіі уладар усіх паўзуноў, вартаўнік усіх кладаў і падземных скарбаў.

Апісанне

Вялізны вуж з каронай на галаве. Часцей за ўсё яго можна пабачыць на Узвіжанне, каля ён вядзе ўвесь свой змяіны народ на зімоўку, у Змяіны Вырай. У адрозненні ад Птушынага Вырая (куды зляталі на зіму птушкі) змяіны размяшчаўся ўнізе сусвету (глыбока пад зямлёй альбо ў каранях Сусветнага Дрэва).

Сама карона Вужынага Цара была чароўнай. Калі камусьці даводзілася набыць хаця б адзін-два залатых рога, якія былі да яе прымацаваныя, той мог навучыцца мове ўсіх звяроў, ведаць чужыя думкі, ва ўсіх і заўсёды мець поспех. На ўладара вужынай кароны не дзейнічала ніякая атрута. Злодзею яна дапамагала без перашкоды праходзіць праз усе замкі і дзверы. Часам уладальнік такой кароны мог бачыць схаваныя клады. Здабыць карону можна было наступным чынам: паслаць на шляху Вужынага Караля ручнік, паставіць там хлеб і соль. І ў знак падзякі Вужыны Кароль адломіць ад сваёй кароны рог і кіне добраму чалавеку. Па іншых крыніцах, трэба было пры гэтым сказаць: “Вуж малады, скінь рог залаты”. Калі паспрабаваць адняць карону хітрасцю, то ўсе змеі кінуцца за чалавекам наўздагон, і, калі ён не кіне карону, то страціць жыццё. Паводле заходнебеларускіх паданняў, Вужыны Кароль мог хадзіць на хвасце. Усе змеі — яго дзеці, якіх ён заклікаў, выкарыстоўваючы свой багатырскі свіст.

Зімуюць змеі ў вялізнай яме. Пасярод яе ёсць камень, якім яны «кормяцца». Лізне яго змяя — і ўжо сытая. Аднойчы ў яму да змей правалілася дзяўчына. Але змеі яе пашкадавалі і не чапалі. Яна разам з імі лізала гэты камень, і таму не памерла ад голаду. А вясною змеі выцягнулі яе на паверхню[1].

Змеі ў традыцыйнай беларускай культуры

Яшчэ да пачатку ХІХ ст. у некаторых сем’ях у Беларусі і Літве замест ката маглі трымаць вужа, аб чым пісалі шматлікія паслы (Сігізмунд Герберштэйн). Вужыны Кароль сачыў за тым, каб ніхто не пакрыўдзіў гаспадара, у якога жыве вуж-дамавік. Каб заклікаць Вужынага Караля на дапамогу, трэба было запаліць свячу, зробленую з тлушчу памерлага вужа — свет гэтай свечкі мог асвяціць усе наваколле. Пабачыўшы яго, Вужыны Кароль збіраў усё сваё войска і імчаўся помсціць крыўдніку. Беднаму чалавеку мог дапамагчы з грашыма, бо ведаў, дзе схаваныя ўсе зямныя клады.

Паралелі ў іншых міфалогіях

У лужыцкіх сербаў існаваў бог-змей, аб якім, аднак, амаль не захавалася дадзеных. У прусаў (балцкая народнасць) таксама было змеепадобнае боства — Жалгіун-Каралюс, якое з’яўлялася братам вярхоўнага бога — Акапірмса (белар. Акопірнас). Імя Жалгіуна-Каралюса было вядома і ў заходняй Беларусі.

Літаратура

Спасылкі

Зноскі

  1. Магілёўскі край. Культура. Мастацтва. Літаратура
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Беларуская народная дэманалогія
Катэгорыя·Беларуская міфалогія
Катэгорыя·Міфалогія