Будынак Мінскага аблвыканкама — будынак у цэнтры Мінска, размешчаны на Кастрычніцкай плошчы, па адрасе вул. Энгельса, 4. Будынак з’яўляецца творам савецкай архітэктуры з выкарыстаннем форм класіцызму. У будынку размяшчаецца Мінскі абласны выканаўчы камітэт.
Пабудаваны ў 1962 г. па праекце архітэктара В. Волчака. Арачным праездам злучаны з будынкам цэнтральнага тэлеграфа, разам з якім фарміруе забудову паўднёва-заходняга боку Кастрычніцкай плошчы.
Прамавугольны ў плане пяціпавярховы будынак. Галоўны фасад вырашаны сіметрычна, рытмічна расчлянёны на ўзроўні трох верхніх паверхаў буйнымі пілястрамі з капітэлямі, дэкарыраваны гірляндамі, зоркамі. 1-ы паверх вырашаны як цокальны, апрацаваны светла-карычневай дэкаратыўнай тынкоўкай, 2-і — расшыты пад руст, прасценкі яго прамавугольных аконных праёмаў з’яўляюцца пастаментамі пілястраў верхніх паверхаў. 5-ы паверх з радам арачных аконных праёмаў завершаны буйным антаблементам з карнізам на вялізных дэнтыкулах. Галоўны фасад вылучаны трайной, дэкарыраванай гірляндамі, аркатурай, якая абрамляе прамавугольныя дзвярныя праёмы.
Планіроўка калідорная з двухбаковым размяшчэннем памяшканняў. Цэнтральная парадная і бакавыя дапаможныя лесвіцы вылучаны на дваровым фасадзе акруглым і прамавугольнымі рызалітамі.