The Velvet Underground (у перакладзе з англійскай — «аксамітнае падполле») — амерыканскі рок-гурт 1960-х і 1970-х гадоў, які стаяў ля вытокаў альтэрнатыўнай і эксперыментальнай рок-музыкі. Назву часта скарачаюць да V.U. або The Velvets. Ключавыя ўдзельнікі Velvet Underground — Лу Рыд і Джон Кейл, адносна паспяхова працягнулі сольную кар’еру пасля сыходу з гурта.
Кружэлкі гурта прадаваліся невялікімі накладамі, але Velvet Underground аказалі велізарны ўплыў на лёс рок-музыкі. Добра дэманструе уплыў Velvet Underground вядомая фраза (якую часта прыпісваюць Браяну Іна), што мала хто купляў пласцінкі Velvet Underground у той час, калі яны выходзілі, але кожны, хто купіў, заснаваў свой уласны гурт. Крытыкі згаджаюцца, што творчасць гурта стала паваротным момантам у гісторыі рок-музыкі. Velvet Underground былі аднім з першых гуртоў, хто эксперыментаваў у авангардным напрамку. Складаны, эксперыментальны гук і жорсткія, рэалістычныя тэксты Лу Рыда аказалі моцны ўплыў на развіццё панка, нойз-року і альтэрнатыўнага року.