wd wp Пошук:

Renault 16

Renault 16 — легкавы аўтамабіль кампаніі Renault. З 1965 па 1980 год выпушчана каля 1 850 000 шт.

У 1966 годзе Renault 16 быў атрымаў тытул «Еўрапейскі аўтамабіль года»[1].

Renault 16 лічыцца першым у свеце аўтамабілем сярэдняга класа з кузавам хэтчбек. Мадэль стала этапнай для еўрапейскага аўтабудавання, паклала пачатак папулярызацыі аўтамабіляў «сямейнага» класа з кузавам хэтчбек, а таксама пярэдняга прывада.

Гісторыя

Renault 16 TS (1965–1970) 2 снежня 1964 годзе былі зроблены першыя аўтамабілі «нулявой серыі». У студзені 1965 года пачалася серыйная вытворчасць. Аўтары аблічча — Гастон Жушэ и Філіп Шарбано.

У сакавіку 1968 года на салоне ў Жэневе «Рэно» прадставіла мадыфікацыю 16 TS з рухавіком аб’ёмам 1565 см³ магутнасцю 83 к.с.

Праз год выходзіць у свет мадыфікацыя 16 TA з аўтаматычнай трансмісіяй.

Renault 16 TL

У 1970 годзе пярэднія сядзенні ўсіх варыянтаў Renault 16 атрымліваюць трохкропкавыя рамяні бяспекі. У кастрычніку 1970 года адбылася першая мадэрнізацыя. Аўтамабіль атрымаў большыя заднія ліхтары і чорную панэль ніжэй задняй дзверы.

Увосень 1973 года дэбютавала топ-мадэль шэрагу — Renault 16 TX, аснашчаная рухавіком магутнасцю 93 к.с. і пяціступеністай каробкай перадач. Знешне яна адрозніваліся ад іншых версій мадэлі падвоенымі фарамі і размешчанымі пад імі паваротнымі ліхтарамі. У камплектацыю TX былі дададзеныя такія элементы як спартыўныя колы Gordini, невялікі спойлер на задняй абзе даху, ачышчальнік задняга шкла, таніроўка лабавога шкла, цэнтральны замок.

Renault 16 TX (1974—1980)

У верасні 1974 года алюмініевая рашотка радыятара зменена на пластыкавую, а з задніх крылаў знік характэрны молдынг.

У 1975 пачынаецца вытворчасць аўтамабіля, які прыйшоў на змену Renault 16, — больш буйной мадэлі 20/30, таксама з кузавам тыпу «хетчбэк». З-за адрознення ў памерах і адзінага агульнага матора абедзве машыны некаторы час выпускаліся паралельна. Але гама Renault 16 пачала паступова скарачацца — з 1977 году былі даступныя толькі мадыфікацыі TX і TA[2].

У 1979 годзе ў стандартную камплектацыю ўключаюцца рамяні бяспекі на задніх сядзеннях.

У студзені 1980 года вытворчасць Renault 16 была завершана. Агульная колькасць выпушчаных аўтамабіляў — 1 846 459[2].

Апісанне

З канструктыўнага пункту гледжання, Renault 16 уяўляў сабой пярэднепрывадны аўтамабіль з пяцідзверным кузавам хэтчбек. Кампаноўка: з вынесенай наперад каробкай перадач і размешчаным падоўжна ў межах колавай базы рухавіком.

Салон

Рычаг пераключэння хуткасцяў для механічнай і аўтаматычнай скрынак перадач знаходзіўся на правым баку рулявой калонкі. Такое яго размяшчэнне і размяшчэнне ручнога тормазу ў нагах утварала прасторнае месца кіроўцы, а таксама дазволіла размясціць падлакотнік паміж пярэднімі сядзеннямі. На некаторых мадэлях прапаноўваўся электрычны цэнтральны замок і электрычныя шклапад’ёмнікі ў пярэдніх дзвярах.

Аб’ём багажніка пад паліцай — 346 літраў. Заднюю канапу можна было ссунуць на 150 мм наперад, павялічыўшы тым самым багажнік. Для перавозкі даўгамерных грузаў падушка задняй канапы адкідвалася наперад, а спінка здымалася — яе можна было пакінуць у гаражы або часова ўсталяваць гарызантальна над паліцай багажніка. Запасное кола, дамкрат і балонны ключ размешчаны пад капотам.

Рухавікі

Рухавік размешчаны падоўжна за пярэдняй воссю ўнутры колавай базы.

Мадыфікацыя Аб’ём: Тып: Макс. магутнасць: Макс. крутоўны момант 0-100 км/г: Макс. хуткасць:
Бензінавыя рухавікі:
1.5[3] 1,5 л (1470 см³) R4, карбюратарны, OHV 60 к.с. (44 кВт) пры 5000 аб/хв 106 Нм пры 2800 аб/хв 16,9 с 142 км/г
1.6[4] 1,6 л (1565 см³) R4, карбюратарны, OHV 68 к.с. (50 кВт) пры 5000 аб/хв 114 Нм пры 3000 аб/хв ? ?
1.6 L[5] 1,6 л (1565 см³) R4, карбюратарны, OHV 56 к.с. (41 кВт) пры 5000 аб/хв 107 Нм пры 2500 аб/хв ? ?
1.6 TS[6] 1,6 л (1565 см³) R4, карбюратарны, OHV 84 к.с. (62 кВт) пры 5750 аб/хв 118 Нм пры 3500 аб/хв ? ?
1.6 TX[7] 1,6 л (1565 см³) R4, карбюратарны, OHV 94 к.с. (69 кВт) пры 6000 аб/хв 129 Нм пры 4000 аб/хв ? ?
1.6 TL[8] 1,6 л (1645 см³) R4, карбюратарны, OHV 66 к.с. (48,5 кВт) пры 5000 аб/хв 111 Нм пры 3000 аб/хв ? 150 км/г

Хадавая частка

Падвеска, як пярэдняя, ​​так і задняя, была незалежнай, з тарсіёнамі ў якасці пругкага элемента. Характэрнай асаблівасцю аўтамабіля была розная колавая база справа і злева (злева даўжэй, чым справа, на 7 сантыметраў), што было звязана з канструкцыяй падвескі.

Да іншых асаблівасцей хадавой часткі варта аднесці стабілізатар папярочнай устойлівасці (на абедзвюх восях) і двухконтурныя тармазы (пярэднія — дыскавыя), прычым у заднім контуры стаяў рэгулятар, які размяркоўваў тармазныя высілкі ў залежнасці ад нагрузкі на вось.

Зноскі

  1. Previous Winners: Car of the Year — 1966 // caroftheyear.org (англ.)
  2. 1 2 Französische Revolution(ням.) . AutoBild Klassik (17 лютага 2009). Праверана 28 лістапада 2019.
  3. 1965 Renault 16 technical specifications(англ.) .
  4. 1965 Renault 16 technical specifications(англ.) .
  5. 1976 Renault 16 L technical specifications(англ.) .
  6. 1965 Renault 16 TS technical specifications(англ.) .
  7. 1976 Renault 16 TX technical specifications(англ.) .
  8. 1977 Renault 16 TL technical specifications(англ.) .

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Аўтамабілі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Еўрапейскі аўтамабіль года
Катэгорыя·Аўтамабілі Renault