FREEДОМ[3] (да 2022 года UATV) — украінскі тэлеканал для замежнага вяшчання, заснаваны 1 кастрычніка 2015 года. Трансляцыя вядзецца пяццю мовамі: украінскай, рускай, англійскай, арабскай і крымскататарскай. Мэта канала — забеспячэнне доступу замежнай аўдыторыі да аб’ектыўнай, актуальнай і поўнай інфармацыі пра падзеі ва Украіне, а таксама фарміраванне і падтрыманне пазітыўнага іміджу Украіны ў свеце[4].
Замяніў сабой спадарожнікавы тэлеканал «УТР».
Лейтматывам стварэння новага тэлеканала першапачаткова была патрэба ў процістаянні расійскай прапагандзе на тле вайны на Данбасе[5][6].
Праект закона «Пра сістэму іншамаўлення Украіны» быў прадстаўлены ўрадам парламенту 13 ліпеня 2015 года[7]. Планавалася, што новы канал атрымае назву «Ukraine Tomorrow», аднак пасля рэгістрацыі гандлёвай маркі з такой самай назвай украінскім алігархам Дзмітрыям Фірташам[8] законапраект быў зменены[9][10].
Першы выхад «Мультымедыйнай платформы іншамаўлення Украіны» ў эфір адбыўся 1 кастрычніка 2015 года а 12:00. 8 снежня таго ж года законапраект «Пра сістэму іншамаўлення Украіны» быў ухвалены дэпутатамі 282 галасамі за (з 450-ці)[11][12].
Спачатку планаваўся запуск адразу некалькіх моўных версій UATV, аднак з фінансавых прычын на момант запуску ў кастрычніку было вырашана здзяйсняць трансляцыі пачаргова ўкраінскай і рускай мовамі[13][14][15]. З лютага 2017 года канал пачаў трансляцыі крымскататарскай[16], арабскай і англійскай мовамі[17].
З 13 студзеня 2020 года UATV спыніў вяшчанне ў прамым эфіры. На канале праграмы выходзяць толькі ў запісе. З 1 сакавіка 2020 года на базе UATV быў створаны інфармацыйна-забаўляльны тэлеканал «Дом», арыентаваны на аўдыторыю ў Данецкай і Луганскай абласцях, а таксама на тэрыторыі Украіны, якія мяжуюць з Расіяй, Беларуссю і Малдовай[18].