wd wp Пошук:

Chasma Boreale

Chasma Boreale (лац.: Паўночны разлом, вымаўляецца «ха́сма барэа́ле») — доўгі і шырокі каньён у паўночнай палярнай шапцы Марса, размешчаны на 83° паўночнай шыраты і 47,1° заходняй даўгаты. Каньён, які мае працягласць каля 560 км, з’яўляецца адной з найбольш прыкметных, цікавых і загадкавых дэталяў зоны абледзянення ў паўночнага полюса Марса.

Падрабязныя фотаздымкі Паўночнага разлома былі атрыманы падчас місій касмічных апаратаў NASA «КА Марынер-9» і «Mars Reconnaissance Orbiter» (MRO). Вучоных адразу надзвычай зацікавіла паходжанне гэтай велізарнай расколіны. Паводле першапачатковых гіпотэз, разлом стаў следствам вулканічнай актыўнасці, якая падтапіла ледзяной пласт[1], ветравой эрозіі ці нейкай катастрафічнай падзеі, якая адбылася ад 5 да 10 млн гадоў назад. Але д-р Джэк Хольт з Інстытута геафізікі Тэхаскага ўніверсітэта, які даследваў марсіянскую палярную шапку з дапамогай радара SHARAD (Shallow Subsurface Radar) і які супаставіў атрыманыя вынікі з данымі MRO, прыйшоў да высновы, што разлом мае больш старажытнае і складанае паходжанне:

Даныя MRO выразна паказваюць, што разлом сфармаваўся ў нашмат больш старажытным ледзяным пласце, датаваным мільярдамі гадоў. З-за формы старажытнага ледніка каньён станавіўся ўсё глыбей, па меры таго як вакол яго фармаваліся маладзейшыя ледзяныя пласты. Вятры, якія дзьмуць над палярнай шапкай, верагодна, перашкаджалі таму, каб новы лёд накопліваўся ў разломе, [не даючы яму запаўняцца].

Арыгінальны тэкст (англ.)   

The MRO data clearly show the chasm formed… in a much older ice sheet dating back billions of years. Due to the shape of that ancient sheet, the chasm grew deeper as newer ice deposits built up around it. Winds sweeping across the ice cap likely prevented new ice from building up inside the chasm [so it never filled up][2]

Сталы кірунак ветра вызначаўся рэльефам мясцовасці. Вятры, якія дзьмуць у раёне разлома, суправаджаліся магутнымі пылавымі бурамі. Пакрываючы лёд, пыл спрыяў яго далейшаму раставанню[3].

Вучоныя мяркуюць, што стромкія ледзяныя схілы Chasma Boreale маюць агаленні старажытных ледзяных пластоў. Іх далейшае вывучэнне можа праліць святло на гісторыю марсіянскага клімату.

Спасылкі

Зноскі

  1. «Папулярная механіка», У Марса пад шапкай: Сакрэты поўначы Архівавана 6 ліпеня 2010.
  2. Dauna Coulter, Strange Martian Spirals Explained, Science@NASA
  3. Mars Polar Regions Архівавана 31 жніўня 2009.
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Рэгіёны Марса
Катэгорыя·Даследаванне Марса
Катэгорыя·Марс