CYGO (сапр. імя: Леанід Вакульчук; нар. 6 чэрвеня 1998, Магілёў, Беларусь) — беларускі рэпер, аўтар-выканаўца і паэт. Праславіўся ў 2018 годзе з песняй «Panda E», якая ў выніку стала самай папулярнай песняй усяго года ў сацыяльнай сетцы «УКантакце»[1][2][3].
Леанід нарадзіўся 6 чэрвеня 1998 года ў горадзе Магілёве ў сям’і футбольнага агента і выхавальніцы траіх дзяцей. З 5-га класа стаў удзельнічаць у конкурсах вакалу і чытальнікаў, дзе займаў прызавыя месцы. Калі хлопчыку споўнілася 10 гадоў, бацькі развяліся, пасля чаго Леанід прыняў рашэнне жыць з бацькам і пераехаў у Брэст[4]. З’яўляецца намінантам прэміі «ЖАРА Music Awards».
Улетку 2018 года выдаў сінгл «Panda E», які заняў вядучыя месцы ў вядомых чартах і стаў двойчы плацінавым. Песня ўвайшла ў чарты Apple Music (1-е месца), Boom (1-е месца), Top YouTube Hits (1-е месца), Top Radio Hits (5-е месца), Itunes (9-е месца), Яндэкс. Музыка (14-е месца)[5]. Пазней на сінгл быў зняты відэакліп [6]. Украінскі камедыйны праект «Чоткий Паца» разам з дзеячам мастацтваў і акцёрам Аляксандрам Жарабко зрабіў пародыю на гэту кампазіцыю. Кліп-пародыя «Праўда» адразу ж пасля прэм’еры апынуўся ў раздзеле «У трэндзе» на сайце YouTube[7][8][9].
Другой песняй спевака стала «Оттепели теперь», якую ён прадставіў у гэтым жа годзе[10]. Наступнай песняй спевака стала «Больной на голову»[11].
У 2019 годзе ў выканаўцы выйшаў першы альбом, які атрымаў назву «Псих без неё не может». У альбом увайшлі 4 песні: «Псих без неё не может», «Чёрная роза», «Ты грех» і «Ааа»[12][13].