11-я Быхаўская партызанская брыгада — партызанская брыгада, створаная ў красавіку 1943 года. Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Клічаўскага, Быхаўскага, Кіраўскага і Рагачоўскага раёнаў. У ліпені 1943 года брыгада (каля 1980 партызан, 4 атрады) была пераўтворана ў Быхаўскую ваенна-аператыўную групу.
Брыгада была створана на базе 425-га і 810-га атрадаў, у яе склад таксама ўваходзілі 225-ы і 435-ы атрады.
Партызаны наносілі ўдары на чыгуначным участку Быхаў — Рагачоў: 6 ліпеня 1943 года на ўчастку Тошчыца — 15-ы раз’езд разабралі 400 метраў чыгуначнага пуці, падарвалі 90 рэек, за 4 кіламетры ад станцыі Тошчыца разбурылі мост. У красавіку — чэрвені 1943 года падарвалі 14 эшалонаў, 4 масты на чыгунцы, шашэйных, грунтавых дарогах. У баях па ачышчэнню раёна дыслакацыі ад нямецкіх войск знішчылі 22 аўтамашыны, 11 гармат, разбілі 2 гарнізоны.