wd wp Пошук:

Яўген Сідаровіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сідаровіч. Яўген Сідаровіч (1928 — 3 снежня 2014) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра пастаўскай групы беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП)[1].

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1928 г., меркавана ў Дзісенскім павеце (Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка). Вучыўся ў Пастаўскім педагагічным вучылішчы. У 1946 годзе далучыўся да нелегальнай беларускай арганізацыі «За Беларусь», якая пазней улілася да Саюза беларускіх патрыётаў: студэнты вырашылі папулярызаваць беларускую мову і культуру, ідэю незалежнасці Беларусі. Належаў да пастаўскай групы арганізацыі.

У лютым 1947 года савецкая ўлада пачала арышты сябраў арганізацыі: у давер да пастаўскай групы ўвайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, выдаўшы сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі, падштурхоўваў да тэрарызму. Як і іншыя, Яўген Сідаровіч быў арыштаваны, засуджаны на 10 гадоў канцлагераў. Пра допыты і суд Яўген Сідаровіч успамінаў так: «Спачатку білі, а потым што: яны бачаць, што я нічога не ведаю — што з мяне выб’еш? Ён пісаў што хацеў. Ну а суд… пагналі нас, 30 можа чалавек, усе людзі глядзяць: маладыя, аброслыя — што за бандыты, куды? А потым ужо ў варанку вазілі і за гэтыя паслугі — 10 гадоў, без паражэння ў правах, бо непаўналетні». Тэрмін адбываў у лагеры «Краснае ўрочышча» пад Мінскам.

Пасля вызвалення з лагераў трымаў сувязь з сябрамі Саюза беларускіх патрыётаў, ездзіў на сустрэчы былых сябраў арганізацыі. Жыў у Паставах, да канца сваіх дзён падтрымліваў сяброўства з Антонам і Алесяй Фурсамі, якія таксама былі асуджаныя па справе СБП і жылі ў Паставах. Урыўкі з гутаркі з Яўгенам Сідаровічам ёсць у дакументальным фільме Валерыя Мазынскага «Глыбоцкая змова».

Памёр 3 снежня 2014 года ў Паставах. Планавалася, што на надмагіллі будуць напісаныя словы «Хай сняцца сны пра Беларусь», якія сябры СБП дамовіліся пісаць на магільных помніках.

Зноскі

  1. http://slounik.org/154896.html Кароткая біяграфія Яўгена Сідаровіча

Спасылкі

Літаратура

Гл. таксама

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Паставах
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1928 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Члены Саюза беларускіх патрыётаў
Катэгорыя·Памерлі 3 снежня
Катэгорыя·Пахаваныя ў Пастаўскім раёне
Катэгорыя·Памерлі ў 2014 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дзісенскім павеце (1921—1940)