wd wp Пошук:

Яўген Жыхар

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Жыхар.

Аўген (Яўген Іванавіч) Жыхар (1925, в. Парыж Дзісенскага павета Навагрудскага ваяводства Польскай Рэспублікі, цяпер Віцебская вобласць; або в. Навасёлкі, цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобласці — не раней за студзень 1955) — удзельнік беларускага антысавецкага супраціву. Сябра СБМ, БНП і «Чорнага ката». Камандзір партызанскага атрада на Пастаўшчыне[1].

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1943-1944 годзе вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі. У 1944 годзе ўступіў у таемную Беларускую незалежніцкую партыю, прыняты туды Віктарам Сікорам[2]. Падчас акупацыі Беларусі трапіў у батальён «Дальвіц», прайшоў поўны курс падрыхтоўкі. Пасля расфармавання батальёна пад уласным прозвішчам уступіў у Чырвоную Армію. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Беларусь, працаваў настаўнікам у Верацееўскай пачатковай школе Дунілавіцкага раёна.

Пасля спробы арышту ў 1946 годзе ўцёк у лес і стварыў партызанскі атрад. Атрад займаўся тэрорам міліцыянераў, камуністаў і партыйных актывістаў. Толькі ў 1948 годзе Жыхар увайшоў у кантакт з арганізацыяй «Чорны кот» Міхала Вітушкі, і атрад стаў баявой адзінкай гэтай арганізацыі. Цягам 1946—1955 гадоў атрад Жыхара здзейсніў 23 тэракты, 42 рабаванні і 9 нападаў на сельсаветы.

У 1952 — снежні 1954 гадоў атрад Жыхара быў адзіным падраздзеленнем «Чорнага ката» ў Беларусі. Большасць байцоў загінула ў лістападзе—снежні 1954 года ў баях з войскамі МДБ, рэшткі па загадзе Жыхара сышлі на Захад праз Польшчу. Савецкая дзяржбяспека пільна шукала Яўгена Жыхара.

Смерць

Паводле адной з версій, у студзені 1955 года Яўген Жыхар быў акружаны опергрупай МДБ ў сялянскай хаце на хутары за 7 км ад Паставаў, адмовіўся здацца і застрэліўся апошнім патронам, пры гэтым куля моцна пашкодзіла твар.

Паводле гісторыка Ігара Валахановіча, загадчыка цэнтральнага архіва КДБ Беларусі, Яўген Жыхар загінуў калі опергрупа ў складзе маёра Блінова, капітана Самалётава, лейтэнанта Ганчарова, асабіста Цішчанкі і старшыні мясцовага калгаса Савацеева заспела ў доме Вайцяховіч у вёсцы Карповічы Дунілавіцкага раёна невядомага мужчыну, які пачаў адстрэльвацца і быў забіты, пры ім знайшлі дакументы на імя Яўгена Іванавіча Жыхара 1925 г.н., нараджэнца вёскі Навасёлкі Мядзельскага раёна.

Паводле Івана Адамовіча, жыхара вёскі Дзеркаўшчына, асуджанага 17 мая 1951 года на 6 гадоў за «неданасіцельства» на Жыхара: «Людзі з Дзеркаўшчыны, Ласкаўшчыны, Квачоў, якія пераехалі ў 1950-я ў Польшчу жыць, бачылі там Жыхара і пісалі аб гэтым сюды ў лістах… Не веру, каб дыверсант так лёгка пракалоўся. Вам жа кажуць: Жыхар быў вялікім прахадзімцам, а гібель ніяк не ўкладаецца ў гэты вобраз. Мо спачывае дзесьці на ціхіх могілках Гданьскага Памор’я, куды ўцяклі з савецкага раю, тысячы заходніх беларусаў».

Зноскі

  1. Жыхар Аўген // Беларускі нацыяналізм: Даведнік / Укл. Пятро Казак. — Мн.: Голас Краю, 2001.
  2. Ёрш С. Інтэрвію з камандзірам «Лясных Братоў» (Віктар Сікора) // Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі / С. Ёрш. — Менск-Слонім: БГАКЦ, 1998. — 186 с. — (Архіў Найноўшае Гісторыі). — ISBN 985-6012-62-7.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Члены Беларускай незалежніцкай партыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Пастаўскім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Члены арганізацыі «Чорны Кот»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца смерці ў картцы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пастаўскім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца нараджэння ў картцы
Катэгорыя·Памерлі ў 1955 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1925 годзе
Катэгорыя·Застрэліліся ў Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дзісенскім павеце (1921—1940)
Катэгорыя·Члены Саюза беларускай моладзі