Якаў Іванавіч Галухін (14 жніўня 1930, в. Сахараўка Горацкага раёна Магілёўскай вобласці — 23 снежня 2001, в. Сахараўка Горацкага раёна) — Герой Сацыялістычнай Працы (1981), Заслужаны механізатар БССР (1978), дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 11-га склікання, дэлегат 15 з’езда прафсаюзаў СССР (1982).
У 1951—1954 гадах служыў у Савецкай Арміі. У 1955 годзе скончыў Клімавіцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча і атрымаў спецыяльнасць трактарыст-машыніст. З 1955 года працаваў у калгасе «Праўда» Горацкага раёна спачатку трактарыстам, камбайнерам, потым звеньявым па вырошчванні бульбы. Першы ў Горацкім раёне камбайнер-тысячнік (за сезон намалаціў 1 тысячу тон збожжа). Удзельнік ВДНГ СССР (1968, 1977).
Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1981 годзе. Па выніках Усесаюзнага спаборніцтва 1977 года быў узнагароджаны аўтамабілем «Масквіч-412». Заслужаны механізатар БССР (1978). Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 11-га склікання (1984—1989), дэлегат XV з’езда прафсаюзаў СССР (1982).
У яго гонар на алеі Герояў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы ў г. Горкі Магілёўскай вобласці ўсталяваны памятны знак.