Якапа Амігоні (іт. Jacopo Amigoni; каля 1675—1752) — італьянскі гістарычны і партрэтны жывапісец.
Якапа Амігоні нарадзіўся ў 1675 годзе ў Венецыі. Свае першыя карціны напісаў у родным горадзе, але потым шмат падарожнічаў па Еўропе, дзе яго партрэты карысталіся вялікім попытам. Некаторы час працаваў у Францыі, а потым на службе курфюрста баварскага Максіміліяна II. У 1729 годзе Якапа Амігоні перабраўся ў Лондан.
Пачынаючы з 1747 года і да самай смерці жыў і працаваў у Мадрыдзе, дзе ён, па замове іспанскага караля Фердынанда VI, напісаў для араторыі Сан-Сальвадора «Святое сямейства», а ў Аранжуэце плафонную карціну.
Якапа Амігоні памёр у 1752 годзе ў званні прыдворнага жывапісца іспанскіх манархаў. Сярод яго вучняў былі П’етра Антоніа Навелі, Антоніа Дзукі і іншыя.
Яго творы захаваліся ў замку Шлайсхайм каля Мюнхена, у карцінных галерэях і цэрквах баварскай сталіцы, а таксама ў розных музеях і прыватных калекцыях па ўсім свеце. Частка з іх была страчана падчас Другой сусветнай вайны.