У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дашута. Язэп Дамінікавіч Дашута (20 снежня 1890, Саколка, Гродзенская губерня, цяпер Падляшскае ваяводства, Польшча — 9 верасня 1966, кляштар у Улацлаўку, Польшча) — рымска-каталіцкі святар, манах-марыянін, грамадскі і культурны дзеяч, педагог.
У 1905—1910 гадах вучыўся ў Сакольскім гарадскім 4-класным вучылішчы. У 1911 годзе паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Быў членам гуртка беларусаў-семінарыстаў. Пасвечаны ў святары 26 мая 1918 года. Прызначаны вікарыем у парафію Дабжынаў Беластоцкага дэканата. З 1921 года вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. З 1925 года у кляштары марыянаў у Друі. Пасля навіцыяту выехаў на далейшую вучобу ў Рым, дзе праз год абараніў доктарскую дысертацыю па кананічным праве. У канцы 1927 года вярнуўся ў Друю.
Браў удзел у заходнебеларускім рэлігійным і культурна-асветным жыцці. Пераследаваўся польскімі свецкімі ўладамі. Дэпартаваны паліцыяй з друйскага кляштара 23 чэрвеня 1938 года. Жыў у кляштарах марыянаў у Скужцы каля Седльцаў, Грудзёндзы, Улацлаўку (Польшча). Падтрымліваў кантакты з беларускім асяродкам марыянаў у Лондане. Пахаваны ў Варшаве.