Эніра Браніцкая (нар. 31 жніўня 1981, Мінск) — былая палітвязень Беларусі, вязень сумлення [1]. Праваабаронца.
Эніра Браніцкая нарадзілася 31 жніўня 1981 года ў Мінску.
У 1998 годзе скончыла гімназію і паступіла на аддзяленне паліталогіі юрыдычнага факультэта БДУ.
У 2003 годзе скончыла ўніверсітэт з дыпломам з адзнакай і паступіла ў аспірантуру на кафедру паліталогіі. Была адтуль выключаная падчас зняволення[2].
У 2004—2005 гг. чытала ў БДУ курс «Ідэалогія беларускай дзяржавы»[3].
Брала ўдзел у працы гуманітарных грамадскіх арганізацый: працавала валанцёрам у дзіцячым лагеры ў Ірландыі (2002), у доме інвалідаў у Францыі (2003), была арганізатарам праекту аказання дапамогі недзяржаўнай дабрачыннай арганізацыі «Беларускі дзіцячы хоспіс» у Мінску (2004)[4].
Працавала ў грамадскай ініцыятыве «Партнёрства», куды прыйшла падчас парламентскіх выбараў 2004 года[5].
Была супрацоўніцай камітэта абароны рэпрасаваных «Салідарнасць»[6] (з 2007 г.)[7]
З 2010 года дырэктар офіса па правах людзей з інваліднасцю[8].
Сузаснавальніца Ініцыятывы «Праваабаронцы супраць катаванняў»[9].
Удзельнічала ў місіях па назіранні за выбарамі ва Украіне, Сербіі, Македоніі, Францыі, Кыргызстане, Румыніі і ў Манака[10].
Эксперт місіі Бюро па дэмакратыі і правах чалавека АБСЕ[11].
Сям’я: муж Валянцін[12] — перакладчык, сын Мацвей, дачка — Ульяна[13].
2005 год кастрычнік: сябры грамадскай ініцыятывы «Партнёрства» спрабавалі правесці ўстаноўчы сход з мэтай рэгістрацыі арганізацыі, аднак з’езд быў спынены міліцыяй. Удзельнікаў з’езда абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага сходу.
Каля 70 актывістаў трапілі ў аддзяленне мілцыі. Эніра Браніцкая, на той час намеснік старшыні арганізацыі, была асуджана на 15 сутак арышту[14].
Суд Маскоўскага раёна г. Мінска прызнаў яе вінаватай у парушэнні арт. 167 ч.2 КаАП РБ — удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве[15].
Таксама па 15 сутак арышту атрымалі кіраўнік арганізацыі Мікалай Астрэйка і ягоны намеснік Аляксандр Бондараў. Святлане Конанавай вынеслі штраф у памеры 30 базавых велічыняў.
8 лістапада 2005 Эніра Браніцкая выйшла са спецпрыёмніка-размеркавальніка пасля 10 сутак арышта[16].
У 2006 годзе грамадская ініцыятыва «Партнёрства» збіралася назіраць за ходам прэзыдэнцкіх выбараў. Напярэдадні выбараў 22 лютага 2006 г. Э.Браніцкую арыштавалі і змясцілі ў СІЗА КДБ разам з іншымі прадстаўнікамі «Партнерства» Цімафеем Дранчуком, Аляксандрам Шалайкам і Мікалаем Астрэйкам.
За некалькі тыдняў да выбараў тагачасны старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка, заявіў, што арышты адбыліся ў сувязі з датычнасцю да падрыхтоўкі сілавога звяржэння ўлады. Паводле С. Сухарэнкі, сцэнар апазыцыі прадугледжваў правядзенне ў Мінску шматтысячнага мітынгу, падчас якога «у натоўпе планавалася ўзарваць выбуховыя прыстасаванні», гаворка тады ішла і пра дохлых пацукоў[17], якімі апазіцыя мелася атруціць ваду ў Мінску[18].
Акрамя таго гаварылася, што «Партнёрства» нібыта падрыхтавала фальшывыя пратаколы «экзыт-пулаў», паводле якіх перамогу на выбарах мусіў атрымаць апазіцыйны кандыдат Аляксандр Мілінкевіч[19].
2 сакавіка 2006 г. Э.Браніцкай і Ц.Дранчуку, М.Астрэйку, А.Шалайку было прад’яўлена абвінавачванне па ч.2 арт. 193 КК РБ (арганізацыя ці кіраванне дзейнасцю грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыяй, якая пасягае на асобу, правы і абавязкі грамадзян)[20].
Э. Браніцкая знаходзілася пад вартай спачатку ў следчым ізалятары КДБ, потым — у СІЗА МУС на вуліцы Валадарскага[21].
4 жніўня 2006 г. падчас судовага разбіральніцтва ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска абвінавачванні па ч.2 арт. 193 КК РБ былі знятыя, а прысуд суддзя Леанід Ясіновіч вынес па арт.193.1 КК РБ (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду ці ўдел у іх дзейнасці). Э.Браніцкая была асуджана да шасці месяцаў арышту[22].
Праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Эніру Браніцкую вязнем сумлення[23].
21 жніўня 2006 г. Э.Браніцкая была вызваленая, пасля заканчэння тэрміну яе арышту[24].