Э́йгердаўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2009 г. вёска) Эйгерды.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года як Такарышкаўскі сельсавет у складзе Юрацішкаўскага раёна Баранавіцкай вобласці БССР. Цэнтр — вёска Такарышкі. З 20 верасня 1944 года ў складзе Маладзечанскай вобласці. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. 29 красавіка 1960 года скасаваны, тэрыторыя ўвайшла ў склад новаўтворанага Даўгердзішскага сельсавета.
19 студзеня 1965 года Такарышкаўскі сельсавет утвораны зноў. 15 ліпеня 1985 года перайменаваны ў Эйгердаўскі сельсавет, цэнтр перанесены ў вёску Эйгерды. 16 сакавіка 1987 года скасаваны хутар Чорны Луг[1]. 28 мая 1988 года ў склад сельсавета з Трабскага сельсавета перададзены 9 населеных пунктаў.
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1217 чалавек[2], з іх 94,2 % — беларусы, 4,3 % — палякі[3].