У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мёрфі.
Эдвард «Эдзі» Рыган Мёрфі (англ.: Edward «Eddie» Regan Murphy; нар. 3 красавіка 1961 г., Бруклін, Нью-Ёрк) — амерыканскі камедыйны акцёр, рэжысёр і спявак, пік папулярнасці якога прыпаў на 1980-я гады. Найбольш вядомы па ролі Акселя Фоўлі ў серыі фільмаў «Паліцэйскі з Беверлі-Хілз», а таксама па галоўных ролях у фільмах «Сорак восем гадзін», «Бумеранг», «Дзіўнаваты прафесар», «Святоша», «Доктар Дулітл», «Знаёмцеся: Дэйв», «Прыгоды Шэльма Нэша», «Паездка ў Амерыку», «Выкруты Норбіта», «Дзяўчаты мары», «Асабняк з прывідамі», «Як абрабаваць хмарачос» і іншых.
Мёрфі таксама запісваў музычныя альбомы і агучыў многіх мульт-персанажаў, у тым ліку Асла ў мультфільме «Шрэк» і яго працягах. У 2007 годзе атрымаў прэмію «Залаты глобус» за лепшую мужчынскую ролю другога плана ў музычным фільме Біла Кондана «Дзяўчаты мары». Акрамя таго, шмат і паспяхова працаваў у камедыйным жанры стэнд-ап.
Эдзі Мёрфі павінен быў весці 84-ю цырымонію ўручэння прэміі «Оскар», якая адбылася 26 лютага 2012 года, але адмовіўся і яго месца заняў Білі Крыстал.