wd wp Пошук:

Шчыпоўка залацістая

Шчыпоўка залацістая (Sabanejewia aurata) — від рыб сямйства ўюновых.

Апісанне

Невялікая паводле памераў рыба. Звычайная даўжыня цела 6—8 см, рэдка да 13,8 см, маса 3—5 г, жыве 4—5 год. Самцы ў дарослым стане не маюць органа Канестрыні, характэрнага для самцоў звычайнай шчыпоўкі (Cobitis taenia). У хваставым плаўніку 12 галінастых промняў, на баках цела 10—15 (да 19) цёмных плямак, але менш заўважных, чым у C. taenia. На спіне спераду і ззаду спіннога плаўніка некалькі буйных папярочных плям. Ля асновы хваставога — цёмная папярочная паласа, пасярэдзіне перарваная. Цела з лёгкім залацістым адценнем, з бураватымі плямкамі. Пад вачніцай моцны шып. Вусікі даволі доўгія, з вуглоў рота яны даходзяць да задняга краю вока.

Пашырэнне

Від мае разарваны арэал. Паводле Ю. С. Рашэтнікава і інш., сустракаецца ў прэсных вадаёмах басейнаў Балтыйскага, Эгейскага, Чорнага, Азоўскага, Каспійскага і Аральскага мораў. На тэрыторыі Беларусі ўпершыню выяўлена ў рэках Дняпро і Сож у межах Гомельскай вобласці ў пачатку XXI ст.

Насяляе біятопы, якія адрозніваюцца глыбінёй (ад 20 см да 1,5 м), скорасцю цячэння, характарам дна. Вядзе прыдонны спосаб жыцця, найбольш актыўная на змяркані і начны час.

Асаблівасці біялогіі

Харчуецца планктоннымі жывёламі, ніткавымі водарасцямі, паветранымі насякомымі і ікрой рыб.

Палаваспелай становіцца на 2—3-м годзе жыцця пры даўжыні цела 5—6 см. Парцыённы нераст пачынаецца ў маі — ліпені пры тэмпературы вады каля 20 °С. Адкладвае ікру ў зарасніках ніткавых водарасцей. Сярэдняя пладавітасць каля 900 ікрынак. Лічынкі пачынаюць харчавацца зоапланктонам. Па дасягненні даўжыні цела 2 см пераходзяць да доннага спосабу жыцця, і аб’ектамі іх харчавання становяцца дробныя ракападобныя, хіранаміды і іншыя донныя беспазваночныя.

Промысел

Гаспадарчага значэння не мае, выкарыстоўваецца як прынада пры лоўлі драпежных рыб.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Артыкулы без спасылкі на Віківіды
Катэгорыя·Уюновыя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта