Чымабуэ (італ.: Cimabue, сапр. Чэні ды Пена, італ.: Cenni di Peno; каля 1240 — пасля 1302) — італьянскі жывапісец.
Працаваў у Рыме, Асізі, Фларэнцыі, Пізе. Творчасць развівалася ў рэчышчы традыцый візантыйскага жывапісу з рысамі протарэнесансу. Творы вылучаюцца велічнасцю кампазіцыі, матэрыяльнай адчувальнасцю твараў і фігур, унутранай значнасцю вобразаў: плоскаснасць і некаторая схематычная сіметрычнасць спалучаюцца з вытанчанай стрыманасцю колеравай гамы, пластычнай яснасцю гнуткага контурнага малюнка: «Укрыжаванне», «Маэста» (абодва 1285), цыкл фрэсак у Верхняй царкве Сан-Франчэска ў Асізі (каля 1290).