wd wp Пошук:

Чаротаўка садовая

Чаротаўка садовая, чарацянка садовая[1] (Acrocephalus dumetorum) — пеўчая птушка сямейства чаротаўкавых.

Апісанне

Даўжыня цела 12,5 см, размах крылаў 17-19 см. Агульная афарбоўка алiўкавая, выразнае светлае брыво. Апярэнне спіны жаўтавата-бурае, ніз белаваты з бурым налётам. Вельмi падобная да трысняговай, балотнай і індыйскай чаротавак. Прапорцыi махавых не заўсёды дазваляюць беспамылкова адрознiць ад iншых вiдаў. Спеў з хрыплымi тонамi i вялiкай колькасцю iмiтацый галасоў iншых птушак.

Пашырэнне

Пашырана ў Цэнтральнай Еўразіі. Арэал: ад Нарвегii, Швецыi, Фінляндыі, усход Польшчы і балтыйскіх краін да Усходняй Сібіры i праз Казахстан да горных вытокаў р. Лены і паўднёвага-ўсходу Алтая. На подні да паўночнай часткі Афганiстана. Распаўсюджваецца на поўнач i захад, засяляючы балтыйскiя краiны, Фiнляндыю i Швецыю.

Пералётны від. Спарадычна залятае ў Заходнюю Еўропу (Вялікабрытанія, Iрландыя, Францыя, Бельгiя, Галандыя, Германiя, Данiя, Швейцарыя, Iспанiя, Iталiя, Мальта, Балгарыя, Турцыя). На Беларусі рэдкі на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від, распаўсюджаны ў паўночных, усходніх і цэнтральных частках краіны. Месца зімовак: Пакістан, Індыя, Непал, Шры-Ланка, Бірма.

Насяляе зараснікі кустоў (як на ўcкраінах вялікіх лясоў, так і групы кустоў на лугах або берагах вадаёмаў), падтопленыя бярозавыя гаi, а таксама сухiя мясцiны ў лесастэпе, зараснікі тамарыску ў сухiх далiнах рэк, схiлы пагоркаў, якiя параслi шыпшынай i малінай, краi бураломаў i палян у сасновых лясах, сады і паркі з групамі кустоў, пусткі. У гарах уздоўж вадацёкаў даходзiць да пласкагор’я на вышынi 1000 м над у.м. i нават вышэй за 1200 м.

Асаблівасці біялогіі

Скрытная птушка. Корміцца толькі насякомымі.

Гняздуе ў густой травяністай расліннасці (трыснёг, крапіва і г.д.) або ў кустах і малых дрэўцах па-суседству з сонечнымі месцамі. Гняздо падвешанае (звычайна 10-40 см над зямлёй, але не больш за 1 м або крыху болей) паміж сцёблаў або галінак, чашападобнае. Знешняя частка з лістоў і сцёблаў травы, валокнаў крапівы, расліннага пуху, аплеценых павуцінай; потым ідзе больш тонкі слой з такога ж матэрыялу, толькі без павуціны, унутраная частка — з дробных і мяккіх сцёблаў травы (часам з шэрсці і конскага вoлaсу).

Яйкі (3-5, часам 6) звычайна крыху патоўшчаныя на адным з канцоў. Афарбоўка зменлівая: бледна-ружовыя, глыбокія плямы — шэра-фіялетавыя, паверхневыя — чорна-карычневыя з больш светлымі краямі; матавыя, малочна-белыя ці крэмавыя; глыбокія плямы — белыя (цямнейшыя за фон), паверхневыя — аліўкава-карычневыя; ярка-белыя з мноствам карычневых плямак; зеленаватыя або светла-зялёныя з аліўкава-зялёнымі або ржава-карычневымі плямамі і інш. Плямы часта сканцэнтраваны на шырэйшым канцы. Памеры: 17,5 х 14 мм.

Зноскі

  1. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Валасянкавыя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без EOL
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак