wd wp Пошук:

Цызальпінская рэспубліка

Манета Цызальпінскай рэспублікі ў 30 сольда. 1801

Цызальпінская (Цызальпійская) рэспубліка (італ.: Repubblica Cisalpina) — «даччыная» дзяржава-сатэліт Першай Французскай рэспублікі, створаная ў 1797 годзе падчас Напалеонаўскіх войн у паўночнай Італіі шляхам злучэння Транспаданскай і Цыспаданскай рэспублік. Пасля абвяшчэння імперыі Напалеона I у Францыі гэта рэспубліка (пераназваная ў 1802 годзе ў Італьянскую) таксама пераўтварылася ў 1805 годзе ў манархію, каралём якой стаў Напалеон.

Першая рэспубліка (1797—1799)

Першая Цызальпінская рэспубліка ўтворана ўлетку 1797 года генералам Напалеонам Банапартам з рэспублік Цыспаданскай і Транспаданскай. Яна была прызнана Аўстрыяй паводле міру ў Кампаформіа; у яе склад уваходзілі Ламбардыя, Модэна, Маса і Карара і аднятыя ад Папскай вобласці Балоння, Ферара і Раманья, а таксама частка герцагства Парма і (з восені 1797 года) частка швейцарскага кантона Граўбюндэн. Тэрыторыя рэспублікі — 43 000 кв. км, колькасць жыхароў — 3,5 млн чал. Канстытуцыя была выпрацавана на кангрэсе ў Рэджыа ў снежні 1796 года, пад моцным ціскам Банапарта. Сталіцай быў Мілан; там засядала дырэкторыя з 5 членаў, савет старэйшын з 80 і вялікі савет з 160 членаў, арганізаваныя па французскім узоры. Першых дырэктараў прызначыў генерал Банапарт. Цызальпінская рэспубліка была звязана з Францыяй саюзным і гандлёвым дагаворамі і амаль увесь час існавання была акупавана французскімі войскамі.

Другая рэспубліка (1801—1802)

Перамогі рускіх і аўстрыйцаў у 1799 годзе знішчылі Цызальпінскую рэспубліку, але пасля перамогі Банапарта пры Марэнга яна ўзнікла зноў і атрымала новую канстытуцыю, выпрацаваную на кангрэсе ў Ліёне ў 1801 годзе (заканадаўчы савет з 50 членаў, выканаўчы савет з 9 членаў, з прэзідэнтам на чале савета і рэспублікі). Аўстрыя зноў прызнала Цызальпінскую рэспубліку паводле Люневільскага міру (1801), прычым яна была павялічана невялікай тэрыторыяй на правым беразе Эча, якая паводле Кампафармійскага міру заставалася за Аўстрыяй. У студзені 1802 года Цызальпінская рэспубліка была пераназвана ў Італьянскую рэспубліку; Банапарт выбраны яе прэзідэнтам, а віцэ-прэзідэнтам прызначаны Франчэска Мельцы.

Усталяванне манархіі Напалеона

У 1805 годзе дэпутацыя ад рэспублікі паднесла Напалеону карону, якую Напалеон і прыняў (каранаваўся ў красавіку 1805 года ў Мілане як кароль Італіі). Цызальпінская рэспубліка ператварылася такім чынам у Каралеўства Італія (напалеонаўскае), якае праіснавала да 1814 года.

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Зніклі ў 1802 годзе
Катэгорыя·З’явіліся ў 1797 годзе
Катэгорыя·Гістарычныя дзяржавы Еўропы
Катэгорыя·1797 год у Еўропе
Катэгорыя·XVIII стагоддзе ў Італіі
Катэгорыя·Дзяржавы часоў Рэвалюцыйных і Напалеонаўскіх войн
Катэгорыя·Італьянскія дзяржавы