«Цмокі-Мінск» — прафесійны баскетбольны клуб з Мінска, аб’ядноўвае тры прафесійныя баскетбольныя каманды (дзве мужчынскія і жаночую).
Згодна з паданнем, Мінск быў заснаваны волатам-асілкам, чарадзеем млынаром, які пабудаваў млын, малоў муку з камянёў і пёк хлеб, а па начах лётаў на млыне, збіраў па акрузе адважных і моцных да сябе ў дружыну. Калі верыць міфам, гэтым асілкам і быў Цмок, які прыняў чалавечае аблічча.
Ідэя стварэння прафесійнага баскетбольнага клуба належыць Канстанціну Шараверу. У 2001 годзе ён стварыў на базе агульнаадукацыйных школ Мінска праект «Мэджык баскет». Праца секцый па баскетболе прыцягнула ўвагу гарадскіх улад і атрымала развіццё. 9 сакавіка 2006 года яна здабыла спартыўную і юрыдычную форму: на свет з’явіўся заснаваны гарвыканкамам прафесійны баскетбольны клуб «Мінск-2006». Праект нароўні з мужчынскай камандай аб’ядноўваў у сваёй структуры калектыў дублёраў, жаночае падраздзяленне, а таксама дзіцяча-юнацкую школу.
Далучыўшыся да змаганняў пад эгідай нацыянальнай федэрацыі, «Мінск-2006» адразу ж стаў бачным іграком на спартыўным полі краіны. Прагрэсуючы з года ў год, каманда падбіралася да вяршыняў айчыннага баскетбола, а з 2009 года стала яго гегемонам — на ўнутранай арэне «гараджанам» не знаходзілася роўных.
«Мінск-2006» стаў таксама ўдзельнікам Еўрачэленджа ФІБА. З сезону-2010/11 з’яўляецца адзіным прадстаўніком краіны ў рамках Адзінай лігі ВТБ.
14 верасня 2012 клуб абвясціў пра рэбрэндынг — змену наймення ўсіх прафесійных і дзіцячых каманд структуры. Гэта было зроблена з мэтай прыцягнуць дадатковую цікавасць аматараў баскетбола ў краіне, стаць вядомым і непаўторным спартыўным суб’ектам на міжнароднай арэне. Новае імя «Цмокі-Мінск» адлюстроўвала духоўныя і гістарычныя карані, уласцівыя беларусам, пры гэтым захоўваючы нестандартнасць, якія дыктаваліся маркетынгавай стратэгіяй. У першы ж год пасля змены «шыльды» каманда захапіла лідарства па колькасці гледачоў на хатніх матчах сярод усіх удзельнікаў Адзінай лігі ВТБ.
Чэмпіянат Беларусі па баскетболе