Хойніцкі замак — фартыфікацыйнае збудаванне XVII—XVIII стагоддзяў у Хойніках, цяпер у Гомельскай вобласці Беларусі. Пабудаваны ў першай палове XVII стагоддзя, напярэдадні «хмяльніччыны», напэўна, панам Максіміліянам Бжазоўскім. Пазней належаў князям Шуйскім, панам Прозарам. Ёсць апісанне замка станам на 1721 год[1].
Займаў невялікую пясчаную дзюну ў забалочанай пойме ракі Квесі. Выцягнутая з поўначы на поўдзень авальная пляцоўка замка (35 × 25 м) была акружана запоўненым вадой ровам, які з боку мястэчка меў шырыню 28—30 м, з іншых бакоў — 10—18 м. Акрамя таго, быў абаронены вялікай поймай. На земляным вале стаялі драўляныя абарончыя сцены-гародні, была і ўязная вежа з варотамі. Сувязь з горадам ажыццяўлялася па дамбе і драўляным мосце. Паводле інвентара за 1721 год, Хойніцкі замак быў акружаны парканам, меў 2-павярховую ўязную вежу, зрубленую з брусоў і накрытую дранкай. Першы паверх вежы займалі ўязны праезд з варотамі і 2 памяшканні, адведзеныя пад турму, на 2-м паверсе зала са шклянымі вокнамі ў драўляных рамах. На ўзроўні 2-га паверху ўкругавую ішоў балкон. На замкавым двары размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы. Хойніцкі замак стаяў да 2-й паловы 18 ст.